На працягу чатырох апошніх дзесяцігоддзяў навукоўцамі аддзела былі распрацаваны праблемы суадносін мастацкага твора і жыццёвага матэрыялу, станаўлення і развіцця сацыялістычнага рэалізму ў беларускай літаратуры, узаемадзеяння літаратуры і фальклору ў розныя перыяды іх існавання, ідэйна-тэарэтычныя пытанні сучаснага літаратурнага працэсу, тэарэтычныя праблемы літаратурнай спадчыны, нявырашаныя праблемы сучаснай тэорыі літаратуры і метадалогіі, тэарэтычныя і метадалагічныя асновы гісторыка-літаратурнага працэса, стваралася мастацкая канцэпцыя чалавека ў гісторыка-культурнай дынаміцы.
Навуковыя супрацоўнікі аддзела прымалі чынны ўдзел у распрацоўцы агульнаінстытуцкіх праектаў: "Беларуская літаратура аб Вялікай Айчыннай вайне ў кантэксце сусветнай літаратуры", "Нарысы гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей", "Нарысы беларуска-украінскіх літаратурных сувязей", "Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя", зборы твораў беларускіх класікаў і інш. У агульнай ("калектыўнай") планавай праблематыцы кожны навуковец меў сваю індывідуальную дзялянку для навуковага пошуку і магчымасці для рэалізацыі свайго творчага патэнцыялу і ўласных вынашаных навуковых ідэй і гіпотэз.