Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы
АДДЗЕЛ ТЭОРЫІ І ГІСТОРЫІ ЛІТАРАТУРЫ
~
Гісторыя аддзела пачынаецца з 1969 года, калі ён быў створаны як структурная адзінка Інстытута пад назвай "Сектар тэорыі літаратуры". Менавіта ў гэты час беларускае літаратуразнаўства дасягнула сваёй творчай, тэарэтычнай і метадалагічнай, сталасці і ўзнікла аб'ектыўная патрэба ў спецыяльным даследаванні многіх пытанняў тэорыі літаратуры, у падсумаванні зробленага гісторыкамі літаратуры за ўвесь перыяд існавання акадэмічнай навукі. Асобныя тэарэтычныя і метадалагічныя праблемы так ці інакш паўставалі перад даследчыкамі гісторыі літаратуры і раней: ідэйнасць і мастацкасць, метад, стыль, нацыянальная спецыфіка, культура творчасці, перыядызацыя, творчы працэс, выданне класікі і інш. Неацэнны творчы ўклад у літаратурную тэорыю зроблены М.Багдановічам, А.Луцкевічам, В.Ластоўскім, У.Самойлам, М.Гарэцкім, І.Замоціным, А.Вазнясенскім, А.Барычэўскім, А.Бабарэкам. Нашы папярэднікі заклалі фундаментальныя асновы будучай беларускай тэорыі літаратуры, якая грунтавалася на нацыянальным матэрыяле.

Літаратурная навука ў асобе В.В.Барысенкі, М.Р.Ларчанкі, В.У.Івашына, Н.С.Перкіна, Ю.С.Пшыркова, С.Х.Александровіча, М.М.Барсток, а пазней А.М.Адамовіча, Р.С.Бярозкіна, В.А.Каваленкі, У.А.Калесніка, М.А.Лазарука, А.А.Лойкі, М.І.Мушынскага, І.Я.Навуменкі адказвала на выклік часу. Аднак патрэбна была канцэнтрацыя калектыўнай навуковай думкі і творчага пошуку на пэўных напрамках. У розныя часы аддзел узначальвалі Н.С.Перкін (1970-1976), У.В.Гніламёдаў (1976-1999), з 1999 года — М.А.Тычына.

Кіраўніцтва Інстытута, усведамляючы ролю аддзела як генератара новых навуковых ідэй, канцэпцый і гіпотэз, умацавала яго кадрамі. У 70-я гады ў аддзеле працавалі А.М.Адамовіч, В.П.Жураўлёў, М.І.Мушынскі, І.Д.Ралько, А.С.Яскевіч, Л.Я.Гаранін, А.П.Матрунёнак, Э.М.Мартынава, І.С.Шпакоўскі, М.А.Тычына, А.К.Кабаковіч, Я.А.Гарадніцкі, Н.У.Шуклiна. У той час аддзел меў свайго лабаранта С.У.Масіч, якая выконвала надзвычай неабходную дапаможную працу. Да аддзела была прымацавана машыністка 1-й катэгорыі А.А.Грышчук, якая пачала працаваць у Інстытуце адразу пасля заканчэння сярэдняй школы і на працягу цэлага паўстагоддзя ўвасабляла ў сваёй асобе гісторыю Інстытута, пераемнасць пакаленняў і традыцый. Наогул жа варта асобна адзначыць ролю дапаможнага персанала ў стварэнні творчай, плённай і жыццярадаснай атмасферы не толькі ў аддзеле, але і ў Інстытуце.

Аддзел стаў своеасаблівым пастаўшчыком кадраў для іншых структурных падраздзяленняў і навуковых устаноў: член-карэспандэнт А.М.Адамовіч неўзабаве ўзначаліў аддзел узаемасувязей літаратур (пазней, у 1987 годзе, ён пераехаў у Маскву, дзе займаў пасаду дырэктара Усесаюзнага Інстытута кінематаграфіі), М.І.Мушынскі і В.П. Жураўлёў, паспяхова абараніўшы доктарскія дысертацыі, сталі таксама загадчыкамі аддзелаў. М.І.Мушынскі, у якасцi загадчыка аддзела выданняў і тэксталогіі, які ўзнік у якасці структурнай адзінкі ў 1954 г. (спачатку ў складзе сектара гісторыі старажытнай і новай беларускай літаратуры, а з 1976 г. асобнага аддзела), стварыў акадэмічную школу беларускай тэксталогіі. В.П.Жураўлёў узначаліў аддзел гiсторыi беларускай літаратуры першай паловы ХХ ст., М.А.Тычына стаў загадчыкам аддзела узаемасувязей літаратур (1995-1999). А.С.Яскевіч пасля абароны доктарскай дысертацыі працаваў на пасадзе галоўнага навуковага супрацоўніка, А.А.Яскевіч таксама абараніла доктарскую дысертацыю і стала лаўрэатам дзяржаўнай прэміі "За духоўнае адраджэнне" (2001). Акадэмік У.В.Гніламёдаў быў дырэктарам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы (1997-2006).

На працягу чатырох апошніх дзесяцігоддзяў навукоўцамі аддзела былі распрацаваны праблемы суадносін мастацкага твора і жыццёвага матэрыялу, станаўлення і развіцця сацыялістычнага рэалізму ў беларускай літаратуры, узаемадзеяння літаратуры і фальклору ў розныя перыяды іх існавання, ідэйна-тэарэтычныя пытанні сучаснага літаратурнага працэсу, тэарэтычныя праблемы літаратурнай спадчыны, нявырашаныя праблемы сучаснай тэорыі літаратуры і метадалогіі, тэарэтычныя і метадалагічныя асновы гісторыка-літаратурнага працэса, мастацкую канцэпцыю чалавека ў гісторыка-культурнай дынаміцы. Навуковыя супрацоўнікі аддзела прымалі чынны ўдзел у распрацоўцы агульнаінстытуцкіх праектаў: "Беларуская літаратура аб Вялікай Айчыннай вайне ў кантэксце сусветнай літаратуры", "Нарысы гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей", "Нарысы беларуска-украінскіх літаратурных сувязей", "Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя", зборы твораў беларускіх класікаў і інш. У агульнай ("калектыўнай") планавай праблематыцы кожны навуковец меў сваю індывідуальную дзялянку для навуковага пошуку і магчымасці для рэалізацыі свайго творчага патэнцыялу і ўласных вынашаных навуковых ідэй і гіпотэз.

Асобнай згадкі вартыя тэарэтыкі, якія ў сваёй творчай дзейнасці вызначылі цэлыя напрамкі беларускай літаратурнай навукі.

Н.С.Перкін

Перкін Навум Саламонавіч (2(15). 2. 1912, м. Тураў Мазырскага пав. Мінскай губ., цяпер Жыткавіцкі ра-н Гомельскай вобл. — 2.10.1976, Мінск, пахаваны на Усходніх могілках), літаратуразнавец, крытык, празаік. Член СП Беларусі з 1954. Доктар філалагічных навук (1964), прафесар (1965). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я.Коласа (1980). Пісаў на рускай і беларускай мовах. У аўтабіяграфічнай кнізе "Хлопчык з мястэчка" (1981) узнавіў у мастацкіх вобразах унікальную атмасферу жыцця беларуска-яўрэйскага мястэчка на Палессі, якім тады з'яўляўся Тураў. Менавіта ў гады дзяцінства нарадзілася асаблівая цікавасць будучага вучонага да беларускага фальклору і літаратуры, да памежжа культур розных народаў, да глыбінных асноў нацыянальнай самасвядомасці.

У грунтоўных артыкулах "Літаратурная спадчына Яна Баршчэўскага і Яна Чачота" (1946), "Адам Міцкевіч і Ян Чачот" (1947), "Эстэтычныя погляды Максіма Багдановіча" (1948), "Эстэтычныя погляды Янкі Купалы" (1952), напісаных і апублікаваных ва ўмовах панавання вульгарнага сацыялагізму і змагання з так званым буржуазным нацыяналізмам, даследчык аргументаваў тэзіс аб значэнні нацыянальнай культурнай традыцыі ў эстэтычным станаўленні беларускай літаратуры, аб асаблівых адносінах сентыменталізму і рамантызму да нацыянальнага фальклору і этнаграфіі, аб адносінах беларускіх класікаў да народнай творчасці. У манаграфіі "Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры" (1958) уведзены ў навуковы ўжытак і грунтоўна вывучаны вялікі матэрыял беларускай літаратуры 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя, у манаграфіі "У сям'і брацкіх літаратур" (1967) сцвярджалася думка пра агульнае і адметнае ў фальклорна-міфалагічнай аснове літаратурных традыцый славянскіх літаратур. У манаграфіі "Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў літаратуры" (1971) Н.С.Перкін здзейсніў наватарскую спробу звязаць фальклор і літаратуру з нацыянальнымі асаблівасцямі беларускай мовы, з нацыянальным характарам беларусаў, з ідэяй нацыянальнага самаўсведамлення народа. У навуковай манаграфіі "Чалавек у савецкім рамане" (1975) выяўлена імкненне да тэарэтычнага асэнсавання гуманістычнай сутнасці шматнацыянальнай савецкай літаратуры. Н.С.Перкін — адзін з аўтараў (сумесна з Ю.С.Пшырковым) падручніка для ІХ-Х класаў сярэдняй школы "Беларуская савецкая літаратура". У мастацкіх аповесцях "Я стаў партызанам" і "На раскрыжаванні", апублікаваных пасля смерці П. (1982), аўтар зрабіў спробу пранікнуць у глыбіні народнага духу, які так яскрава выявіўся ў гады вайны з фашызмам. У пасмяротным зборніку літаратурных артыкулаў "Абсягі думкі" (1980), дбайна ўкладзеным ўдавой вучонага С.Я.Перкін, змешчана навуковая спадчына Н.С.Перкіна.

А.М.Адамовіч

Адамовіч Алесь Міхайлавіч (3.09.1927, в. Канюхі Капыльскага раёна Мінскай вобласці — 26.01.1994, пахаваны на могілках п.Глуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці), празаік, крытык, літаратуразнаўца, кінадраматург, публіцыст, грамадскі дзеяч. Член-карэспандэнт АН БССР (1980), доктар філалагічных навук (1962), прафесар (1961). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа (1976). Аўтар празаічных твораў "Вайна пад стрэхамі" (1959), "Сыны ідуць у бой" (1963), "Хатынская аповесць" (1976), "Карнікі" (1981), "Апошняя пастараль" (1986), "Vixi" (1993) і інш. Адзін з аўтараў дакументальных кніг "Я з вогненай вёскі..." (з Я.Брылём, У.Калеснікам, 1975) і "Блакаднай кнігі" (з Д.Граніным, 1979). У гады Вялікай Айчыннай вайны быў падпольшчыкам і партызанам: у 1942 г. — сувязны, з 1943 г. — баец партызанскага атрада імя Кірава Мінскага злучэння. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта (1950) вучыўся ў аспірантуры і абараніў кандыдацкую дысертацыю (1953). Працаваў выкладчыкам кафедры беларускай літаратуры (1953-1954). Абараніў доктарскую дысертацыю (1961). З перапынкамі на вучобу на Вышэйшых сцэнарных літаратурных курсах у Маскве (1962 — 1966) і працы выкладчыкам беларускай літаратуры ў МДУ імя М.В.Ламаносава (1964 — 1966) амаль 30 год працаваў спачатку навуковым супрацоўнікам (1954 — 1976), а затым загадчыкам сектара ўзаемасувязей літаратур Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1976 — 1987). Быў дырэктарам Усесаюзнага НДІ кінамастацтва ў Маскве (1987 — 1994).

Як крытык і літаратуразнаўца выступаў у друку з 1950 г. Аб'ектам яго ўвагі былі праблемы раманнага жанру, творчага стылю, мастацкай індывідуальнасці, культуры творчасці, досыць новыя і нязвыклыя ў ліатаратурнай навуцы пасляваеннага перыяду. З першых публікацый, сярод якіх вылучаліся сваёй вастрынёй і надзённасцю артыкулы "Стыль і творчы напрамак", "Вучоба пісьменніка і яго індывідуальнасць", "Грамадскае значэнне літаратуры", "Аб эстэтычнай глухаце ў крытыцы", "Багацце творчых індывідуальнасцей", выявіў шырыню кругагляду, чуласць да праўды, непрыйманне вульгарна-сацыялагічных шаблонаў, тонкае адчуванне творчай своеасаблівасці пісьменніка, яго індывідуальнага стылю, уменне чытаць мастацкія тэксты і страсць змагара за высокі грамадзянскі і эстэтычны ўзровень беларускай літаратуры. Аўтар амаль двух дзесяткаў літаратуразнаўчых кніг і зборнікаў крытычнай эсэістыкі, лепшыя з іх публікаваліся ў перакладзе на рускую мову ў Маскве: "Шлях да майстэрства" (1958), "Культура творчасці" (1959), "Беларускі раман: станаўленне жанра" (1961), "Маштабнасць прозы" (1972), "Здалёк і зблізку: Беларуская проза на літаратурнай планеце" (1976), "Леў Талстой і беларуская літаратура" (1978), "Літаратура, мы і час" (1979), "Браму скарбаў сваіх адчыняю..." (1980), "Вайна і вёска ў сучаснай літаратуры" (1982), "Выберы — жыццё" (1986), "Літаратура і праблемы веку" (1986), "Нічога важней" (1987), "Дадумваць да канца: Літаратура і трывогі веку" (1988), "Адваяваліся!" (1990). Адзін з аўтараў "Гісторыі беларускай савецкай літаратуры". Актыўны ініцыятар і прапагандыст параўнальна-гістарычнага метаду і тыпалагічнага падыходу ў беларускім літаратуразнаўстве. Навуковы кіраўнік НДР "Беларуская літаратура аб Вялікай Айчыннай вайне ў кантэксце сусветнай літаратуры", на грунце якой апублікавана серыя навуковых манаграфій у 6 кнігах і "Нарысы гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей" (у 4-х тт.).

І.Д.Ралько

Ралько Іван Дзмітрыевіч (21.11.1929, в. Макраны Капыльскага раёна Мінскай вобласці — 27.12.1979, Мінск), літаратуразнавец, крытык, паэт. Кандыдат філалагічных навук (1968). Пасля заканчэння сямігодкі (1947) і Нясвіжскага педвучылішча (1951) працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, дырэктарам Багушоўскай сямігадовай школы (1951 — 1957), дырэктарам Навамышскай СШ Баранавіцкага раёна (1957 — 1958). Завочна скончыў філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта (1958). Пасля заканчэння аспірантуры Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы (1958 — 1961) працаваў у ім старшым навуковым супрацоўнікам (1961 — 1968). Аўтар зборніка вершаў "Святло зары вячэрняй" (1983).

І.Д.Ралько вядомы перш за ўсё як літаратуразнаўца, аўтар грунтоўных навуковых даследаванняў па тэорыі і гісторыі беларускага верша, глыбокі знаўца таямніц версіфікацыі. Яго працы высока цанілі сусветна вядомыя вершазнаўцы, такія, як К.Тараноўскі, А.Л.Жоўціс, Б.Я.Бухштаб, В.С.Баеўскі, Б.П.Ганчароў, з многімі з якіх ён перапісваўся. Аўтар навуковых манаграфій "Беларускі верш: Старонкі гісторыі і тэорыі" (1969), "Вершаскладанне: Даследаванні і матэрыялы" (1977), "Верш і мова: Праблемы тэорыі і гісторыі беларускага верша" (1986). Вершазнаўчыя працы І.Д.Ралько — адны з першых у беларускім літаратуразнаўстве шырокамаштабных і грунтоўных навуковых даследаванняў у галіне гісторыі і тэорыі беларускага верша. І.Д.Ралько ўпершыню ў беларускай літаратурнай навуцы старанна сабраў і статыстычна апрацаваў велізарны матэрыял маладаследаванай сферы паэтычнай творчасці — ад Ф.Скарыны і С.Полацкага і да апошняй чвэрці ХХ стагоддзя. Даследчык асаблівую ўвагу аддаваў вывучэнню народна-песеннага верша, заснаванага на беларускай нацыянальнай прасодыі. Гістарычную прастору беларускай вершаванай практыкі ён бачыў ў шырокім кантэксце славянскага вершазнаўства, робячы пры гэтым шматлікія спасылкі на параўнальна-гістарычны аналіз антычнага, грэчаскага і лацінскага, верша, розных сістэм вершаскладання (танічнага, сілабічнага і сілаба-танічнага). Алгебрай вершазнаўчай навукі І.Д.Ралько вывяраў гармонію беларускай паэзіі, робячы прыкметны акцэнт на даследаванні суадносінаў рытму і маўлення, слоўнага націску і метра, асаблівасцей ужывання беларускай рыфмы. Ён напісаў інструкцыю па складанню метрычных даведнікаў і ў якасці ўзора прапанаваў уласна складзены метрычны даведнік да вершаў Максіма Багдановіча. У сямейным архіве вучонага знаходзяцца незавершаныя матэрыялы да метрычнага даведніка паэтычнай творчасці Янкі Купалы. Будучага даследчыка праблем беларускага вершазнаўства, несумненна, зацікавіць складзеная І.Д.Ралько бібліяграфія прац па вершазнаўству, сярод якіх названы і работы па эстэтыцы, семіётыцы, паэтыцы, структурнай лінгвістыцы, фаналогіі. Яшчэ ў 70-я гады мінулага стагоддзя даследчык марыў аб тэхнічных магчымасцях камп'ютэрнай апрацоўкі беларускага верша.

А.С.Яскевіч

Яскевіч Алесь Сямёнавіч (12.6.1934, в. Ушакі Чэрыкаўскага раёна на Магілёўшчыне). У 1953 г. скончыў з сярэбраным медалём Слаўгарадскую СШ і паступіў на аддзяленне журналістыкі БДУ, якое скончыў у 1958 г. Працаваў літсупрацоўнікам шматтыражкі "На страже Октября" (1958 — 1961). Вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1961 — 1964), пасля заканчэння якой працаваў у данай установе на пасадах — малодшага, старшага і галоўнага навуковага супрацоўніка (1964 — 2008). Крытык, літаратуразнаўца. Доктар філалагічных навук (1992), прафесар (2008).

У жанры публіцыстыкі і допісаў А.С.Яскевіч выступае з 1957, а ў літаратурнай крытыцы з 1958 гг. Кола навуковых зацікаўленняў выключна шырокае: ён працуе на памежжы літаратуразнаўства, лінгвістыкі, філасофіі, біблеістыкі. Чулы да тэарэтычных інавацый, па прыродзе свайго дару шукальнік і першапраходца. Асаблівасцю яго наватарскіх распрацовак з'яўляецца імкненне вымяраць сутнасць навуковых адкрыццяў гуманістычнай перспектывай і духоўнай мэтазгоднасцю. У навуковым даробку навукоўцы 20 кніг, брашур і звыш 170 артыкулаў — ад навукова-тэарэтычных да навукова-папулярных. Сярод манаграфій і зборнікаў артыкулаў — "Карані маладога дрэва" (1964), "Ад слова — да вобраза" (1966), "Грані майстэрства" (1974), "У свеце мастацкага твора" (1977), "Выхад за круг" (1985), "Становление белорусской художественной традиции" (1987), "Ритмическая организация художественного текста" (1991) і інш. У шэрагу калектыўных манаграфій ягоныя раздзелы вылучаюцца асаблівай увагай да праблем развіцця беларускай прозы, пытанняў паэтыкі, вытокаў новага мастацтва. У якасці аднаго з аўтараў "Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя" стварыў творчыя партрэты выдатных празаікаў-шасцідзесятнікаў. У кнігах А.С.Яскевіча "Біблейскі пераклад. Аб духоўнай паэзіі" (1998), "Библия: переводы, язык" (1999), "Природа в свете Библии" (2002) выявілася адпачатковая заклапочанасць духоўна-маральнай праблематыкай, высокая пафаснасць, калі размова ідзе пра чалавека як духаносны сусветны феномен альбо пра айчынную духоўную культуру на ўсеславянскім вечы. У адраджэнні сучаснай біблеістыкі, перакладу і тлумачэнні Св. Пісання вельмі дарэчы энцыклапедычныя веды А.С.Яскевіча ў сферы духоўнасці і маральнасці, агульнафілалагічны падыход да біблейскіх тэкстаў, яго ўдзел у працы Біблейскай камісіі Беларускага Праваслаўнага Экзархату, заснаваныя на шматгадовым вопыце ідэі аб прынцыпах перакладу сакральных тэкстаў. Як даследчыка яго цікавяць біблейскія асновы сучаснага літаратурнага працэсу, біблейскія вобразы, матывы, архетыпы ў кантэксце сучасных актуальных праблем існавання. У сваіх даследаваннях ён разглядвае тэарэтычныя праблемы старажытнабеларускай біблеістыкі і сучаснага рэлігіязнаўства, а таксама ўплыў гэтай навуковай сферы на тэорыю і практыку сучаснага чалавецтва. Навуковыя распрацоўкі гэтага даследчыка па праблемах сучаснай экзегезы цяжка вытлумачальных месцаў Старога Запавета, удакладненне іх перакладу выклікаюць прыкметны рэзананс у духоўна-культурным жыцці краіны. Асноўная ўвага вучонага традыцыйна надаецца абгрунтаванню сучаснай лінгва-экзегетычнай канцэпцыі біблейскага перакладу, прынцыпаў удакладнення і выпраўлення "ключавых", "невыразных", "паралельных" месцаў тэксту і выкарыстання біблейскага паралелізму для інтэрпрэтацыі складаных змястоўных ярусаў кніг Св. Пісання. У працы А.С.Яскевіча ўзгадняюцца спрэчныя пытанні новазапаветнай тэксталогіі, якія ўзніклі ў час раз'яднання ўсходняй і заходняй біблейскіх школ, крытыкуецца мадэрнісцкая практыка дэміфалагізацыі і рацыяналістычных адвольнасцей ў перакладзе, прыцягваюцца навейшыя распрацоўкі па тэорыі вобразнасці і рытмічнай арганізацыі тэкста для ўдасканалення прыёмаў перастварэння ўнікальнай вобразнай мовы Бібліі. Беларускія і ўсходнеславянскія пераклады аналізуюцца з прыцягненнем вопыту старажытных і сучасных узораў сусветнай біблеістыкі. Асноўныя ідэі даследчыка выявіліся ў выніках распрацоўкі дзяржаўнай праграмы "Ідэалогія беларускай дзяржавы", навуковым кіраўніком і адным з выканаўцам якой быў А.С.Яскевіч, у працы "Вялікая Айчынная вайна і духоўны вопыт сучаснасці".

А.К.Кабаковіч

Кабаковіч Ала Канстанцінаўна (7.3.1943, в. Гутава Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці — 11.2.1985, Мінск), літаратуразнавец, крытык, паэтэса, перакладчык. Скончыўшы з залатым медалем сярэднюю школу, паступіла на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта (1959). Працавала рэдактарам літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага радыё (1096 — 1966). Скончыла аддзяленне перакладу Літаратурнага інстытута імя А.М.Горкага ў Маскве (1966 — 1971). У час вучобы была слухачкай славістычных курсаў пры Варшаўскім універсітэце і адзін год працавала рэдактарам і рэцэнзентам аддзела паэзіі часопіса "Дружба народов". З 1971 малодшы, з 1981 — старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Кандыдат філалагічных навук (1975). Адначасова працавала рэктарам Народнага універсітэта культуры Будтрэста № 1 у Мінску (1973 — 1977). Пераклады на рускую мову вершаў У.Караткевіча, А.Вярцінскага, А.Сербантовіча, А.Разанава публікаваліся ў часопісе "Дружба народов". У часопісе "Нёман" друкавалася падборка ўласных вершаў (1970). У пасмяротным зборніку "Пасеянае ўзыдзе" (1991), укладзеным М.А.Тычынам, змешчаны вершы, пераклады, эсэ.

У рэспубліканскім перыядычным друку ў 70-я гады перыядычна публікаваліся літаратурна-крытычныя артыкулы, прысвечаныя творчасці М.Танка, Я.Сіпакова, М.Стральцова, П.Макаля, Р.Барадуліна, А.Разанава і інш., а таксама водгукі на спектаклі Беларускага акадэмічнага тэатра оперы і балета. А.К.Кабаковіч — аўтар манаграфій "Паэзія Максіма Багдановіча" (1978), "Беларускі свабодны верш" (1984), "Фальклорныя і анталагічныя традыцыі ў беларускай паэзіі" (1989). У калектыўнай манаграфіі "Паэзія абнаўлення свету" (разам з Н.У.Шукліной і І.С.Шпакоўскім, 1981) змешчаны яе раздзел "Ідэйна-стылявыя пошукі беларускай паэзіі 20-х гадоў". У творчасці М.Багдановіча цікавілі вобразна-стылявыя вытокі беларускай паэзіі ХХ стагоддзя, праблема рацыянальнага і эмацыянальнага, асаблівасці структуры вершаў народнага складу, псіхалагічныя і лінгвістычныя моманты эстэтычнага ўспрымання, гукавая арганізацыя вершаў паэта, эстэтычная сутнасць філасофскай лірыкі. Тэорыя і гісторыя беларускага свабоднага верша грунтоўна вывучаецца ў кантэксце даўняй і новай беларускай паэзіі — ад "Слова аб палку Ігаравым" і творчасці Кірылы Стаўравецкага да верлібраў М.Багдановіча, М.Чарота, У.Дубоўкі, А.Куляшова, М.Танка, С.Дзяргая, Я.Сіпакова, М.Стральцова, А.Разанава, кагорты маладых паэтаў 70-80-х гадоў. Генетычныя карані і змястоўна-стылявая спецыфіка беларускага верлібра выяўляюцца ў цеснай сувязі з гісторыяй развіцця нацыянальнай прасодыі. Грандыёзная карціна руху беларускай літаратуры ў Вялікім Часе (вызначэнне М.М.Бахціна) ствараецца А.К.Кабаковіч у апошняй яе навуковай рабоце, у якой даследуюцца не толькі нацыянальна-фальклорныя вытокі беларускай літаратуры, але і анталагічныя, глыбінна-сутнасныя, традыцыі і гістарычная паэтыка сусветнай літаратуры, пачынаючы з перыяду Старажытнай Грэцыі і Старажытнага Рыма. У рабоце сцвярджаецца думка аб тым, што сусветная літаратура ў яе развіцці і ўзаемадзеянні з'яўляецца адзіным найбольш поўным кантэкстам, у якім можна выявіць і прасачыць вядучыя лініі ў творчым станаўленні беларускай літаратуры.

У 80-90-я гады ХХ стагоддзя аддзел папоўніўся такімі навукоўцамі, як Т.К.Чабан, Г.М.Кісліцына, А.А.Яскевіч, А.А.Манкевіч, пазней тут сталі працаваць С.У.Калядка, Л.Г.Кісялёва, Ю.А.Масарэнка, Т.А.Ціхановіч, А.М.Мікус. Нягледзячы на трагічныя страты выдатных тэарэтыкаў (дачасна, пасля цяжкіх хвароб, памерлі Н.С.Перкін — 1976, І.Д.Ралько — 1979, А.К.Кабаковіч — 1985, Т.К.Чабан — 1992, А.М.Адамовіч – 1994 гады), аддзел заставаўся баяздольным. Не страціў аддзел свайго пошукавага запалу і імкнення да навуковых інавацый і пасля таго, як па розных прычынах — па ўзросту, па стану здароўя, у сувязі з пераходам на іншую работу — аддзел пакінулі такія глыбокія і самабытныя аўтары навуковых даследаванняў, як А.П.Матрунёнак, І.С.Шпакоўскі, Э.М.Мартынава, А.А.Манкевіч, А.А.Яскевіч, Л.Я.Гаранін, А.С.Яскевіч.

Вядомыя на той час ідэалагічныя ўстаноўкі, а тым больш палітычны дыктат ўплывалі на навуковае даследаванне толькі вонкава-дэкаратыўна і не закраналі глыбіню тэарэтычнага пранікнення ў пастаўленыя праблемы. Аб гэтым сведчаць такія калектыўныя выданні, як кніга В.П.Жураўлёва, І.С.Шпакоўскага, А.С.Яскевіча "Пытанні паэтыкі" (1974), зборнік матэрыялаў Міжнароднай навуковай канферэнцыі 1975 года, праведзенай Інстытутам літаратуры сумесна з Акадэміяй навук Літоўскай ССР і прадстаўнікоў кафедр ВНУ Беларусі, "Жыццёвая праўда і сучаснае мастацкае мысленне" (1977), зборнік дакладаў і выступленняў на акадэмічнай навуковай канферэнцыі, праведзенай Інстытутам літаратуры і Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, "Узроўні фальклорных уплываў" (1982), гісторыка-тэарэтычная праца ў трох частках — Л.Я.Гараніна, А.С.Яскевіча, А.П.Матрунёнка "Нараджэнне новага мастацтва" (1980), Н.У.Шукліной, А.К.Кабаковіч, І.С.Шпакоўскага "Паэзія абнаўлення свету" (1981), В.П.Жураўлёва, М.А.Тычыны "Магчымасці рэалізму" (1982), зборнік артыкулаў "Ідэйна-тэарэтычныя пытанні сучаснага літаратурнага працэсу" (1987), калектыўныя манаграфіі "Літаратура пераходнага перыяду: Тэарэтычныя асновы гісторыка-літаратурнага працэсу" (2007), «Чалавечае вымярэнне ў сучаснай беларускай літаратуры» (2010), «Міждысцыплінарныя даследаванні актуальных праблем тэорыі літаратуры» (2011).

Нягледзячы на тое, што індывідуальны навуковы пошук афіцыйна не стымуляваўся, найбольшых творчых дасягненняў супрацоўнікі аддзела дасягнулі менавіта як непаўторныя даследчыкі, кожны са сваім асабістым абліччам і почыркам. Сапраўднай падзеяй у навуковым жыцці рэспублікі сталі манаграфіі А.М.Адамовіча "Маштабнасць прозы" (1972), "Здалёк і зблізку" (1976), Н.С.Перкіна "Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў літаратуры" (1971), М.І.Мушынскага "Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 20-30-я гг." (1975), І.Д.Ралько "Вершаскладанне" (1977), "Верш і мова" (1986), У.В.Гніламёдава "Традыцыі і наватарства" (1972), "Сучасная беларуская паэзія" (1983), В.П.Жураўлёва "Структура твора: Рух сюжэтна-кампазіцыйных форм" (1978), А.П.Матрунёнка "Псіхалагічны аналіз ў сучасным беларускім рамане" (1972), "Псіхалагічная проза: Традыцыі і час" (1988), А.С.Яскевіча "Грані майстэрства" (1974), "У свеце мастацкага твора" (1977), "Становление белорусской художественной традиции" (1987), І.С.Шпакоўскага "Структура вершаванага вобраза" (1972), А.К.Кабаковіч "Беларускі свабодны верш" (1984), "Фальклорныя і анталагічныя традыцыі ў беларускай паэзіі" (1989), Л.Я.Гараніна "Праблемы мемуарнага жанра" (1981), "Философские искания в белорусской литературе" (1984), "Нацыянальная ідэя ў беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя" (1996); М.А.Тычыны "Народ і вайна: Нацыянальны характар як аб'ект паказу. Вопыт гісторыка-тыпалагічнага аналіза беларускай ваеннай прозы" (1985), "Карані і крона: Фальклор і літаратура" (1991, 2002, 2-е выданне), А.А.Яскевіч "Старабеларускія лексіконы" (1992), "Творы Ф.Скарыны: Жанравая структура. Філасофскія погляды. Мастацтва слова" (1995), "Старабеларускія граматыкі" (1996), "Абранне вечнасці" (1999), "Спрадвечная ахоўніца Беларусі" (2000), "Падзвіжнікі і іх святыні: Духоўная культура Белай Русі" (2001) і інш.

Шмат увагі аддавалі даследчыкі праблемам паэтыкі і творчага стылю: У.В.Гніламёдаў "Іван Мележ" (1984), "Янка Купала: Новы погляд" (1995; 2004; 2007), В.П.Жураўлёў "Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана" (1991), А.К.Кабаковіч "Максім Багдановіч: Дыялектыка рацыянальнага і эмацыянальнага" (1978), Э.М.Мартынава "Мастацкая дэталь у літаратурным творы" (1977), І.С.Шпакоўскі "Тыпізацыя ў лірыцы" (1980), Т.К.Чабан, "Крылы рамантыкі" (1982), Т.К.Чабан, Я.А.Гарадніцкі "Сучасная паэзія і фальклор" (1988), А.С.Яскевіч "Ритмическая организация художественного текста" (1991), Г.М.Кісліцына "Алесь Разанаў: Праблемы мастацкай свядомасці" (1991), "Лірычная мініяцюра як жанр беларускай літаратуры" (2000), М.А.Тычына "Аляксандр Пушкін і Якуб Колас" (1999), "Кузьма Чорны: Эвалюцыя мастацкага мыслення" (2004, 2-е выданне, выпраўленае і дапоўненае);

Навукова-тэарэтычны патэнцыял акадэмiчнага лiтаратуразнаўства радыкальна ўзбагацiўся на пераломе стагоддзяў у працэсе выканання планавых заданняў "Нявырашаныя праблемы сучаснай тэорыi лiтаратуры i метадалогii" (1997 –2000) i "Тэарэтычныя i метадалагiчныя асновы гiсторыка-лiтаратурнага працэса" (2001-2004), "Мастацкая канцэпцыя чалавека ў гісторыка-культурнай дынаміцы" (2005 — 2008), "Міждысцыплінарнае даследаванне актуальных праблем тэорыі літаратуры (стварэнне мадэлей "філасофіі літаратуры")" (2009 — 2010). У дадзены момант аддзел працуе над навуковым планавым заданнем «Тэорыя літаратуры ў дыялогу еўрапейскіх культур: прырода сучасных літаратурных ведаў (навуковыя школы, інавацыйныя стратэгіі)». Пералічаныя НДР комплексна звязаны памiж сабой логiкаю навуковай пераемнасцi, паэтапнага ўдакладнення i ўзаемадапаўнення, адпавядаюць навуковаму профiлю аддзела i агульнай пошукавай стратэгii развiцця тэорыi лiтаратуры. У згаданых фундаментальных даследаваннях метады i прыёмы традыцыйнага лiтаратуразнаўства дапаўняюцца i ўзбагачаюцца за кошт iнавацыйных пошукаў сучаснай сусветнай тэорыi лiтаратуры.

На шырокім матэрыяле гісторыі беларускай літаратуры, літаратурнай навукі і літаратурнай крытыкі паслядоўна і шматаспектна выкарыстаны, распрацаваны і ўдакладнены навукова-тэарэтычны патэнцыял культурна-гістарычнай школы, параўнальна-гістарычнага і тыпалагічнага метадаў даследавання, дапоўненыя найноўшымі навукова-тэарэтычнымі дасягненнямі біблеістыкі, экзегетыкі, марыялогіі, герменеўтыкі, эўрыстыкі, культуралогіі, нараталогіі, аксіялогіі, рэцэптыўнай эстэтыкі, што дазволіла асэнсаваць фундаментальныя катэгорыі (універсаліі) нацыянальнай вобразнай свядомасці, іх гістарычнай эвалюцыі і перспектыў развіцця ў кантэксце актуальных праблем нацыянальна-культурнага будаўніцтва і вызначэння стратэгіі эстэтычнага развіцця беларускай літаратуры. Гісторыя беларускай літаратуры даследавана як дынамічная сістэма ідэйных і мастацкіх каштоўнасцей, якая выяўляе адзін з відаў грамадскай дзейнасці чалавека, звязаны з гістарычнай свядомасцю і ўсталяваннем высокіх гуманістычных ідэалаў, тэарэтычна асэнсаваны асновы гісторыка-літаратурнага працэсу, распрацаваны важнейшыя тэарэтычныя паняцці "парадыгма", "пераходны перыяд", "новы гістарызм", "паэтычныя мадэлі", "поле літаратуры", "Новая Літаратурная Сітуацыя", "постмадэрнісцкая свядомасць", "гумарыстыка", "дыфузія жанраў і стыляў", "інтэрпрэтацыя і гіперінтэрпрэтацыя", "праблема варыятыўнасці ў мастацтве" і інш., зроблены навуковыя высновы аб нацыянальнай спецыфіцы эстэтычнага працэсу, аб яго сувязі з сацыякультурнымі з'явамі, здзейснена спроба асэнсаваць факты літаратурнага жыцця ў кантэксце сусветнай літаратуры.

Грунтуючыся на шырокай факталагічнай аснове папярэдніх даследаванняў і кіруючыся надзённымі запатрабаваннямі нацыянальна-культурнага будаўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, тэарэтыкі літаратуры ставяць за мэту даследаваць фундаментальныя тэарэтычныя і метадалагічныя асновы гісторыі беларускай літаратуры ў кантэксце найноўшых навуковых адкрыццяў у галіне літаратурнай навукі, вызначыць прыярытэтныя напрамкі сучаснага літаратурнага працэсу, дапамагчы тэарэтычнаму асэнсаванню крызісных з'яў у нацыянальнай культуры, напоўніць літаратуразнаўчы слоўнік абноўленай тэрміналогіяй і стварыць камп'ютэрную аснову "банка даных" па тэорыі літаратуры. Навуковыя вынікі распрацовак прайшлі і праходзяць апрабацыю ў выглядзе асобных манаграфій, серыі артыкулаў у рэспубліканскім і замежным друку, дакладаў і выступленняў на навуковых форумах, лекцый перад настаўнікамі, студэнтамі, удзелу ў тэле і радыёперадачах і інш.

У аддзеле працуюць вопытныя, здольныя і зацікаўленыя ў прагрэсе нацыянальнай літаратуры навукоўцы. Д.ф.н. М.А.Тычына ў апошнія часы цікавіцца феноменам пераходнага перыяду і праблемамі тыпалогіі, вывучае эпоху кардынальных змен у жыцці грамадства, якая закранае ўсе яго бакі, палітыку, эканоміку, сацыякультурную сферу, духоўнае жыццё, выяўляе глыбінныя зрухі і вызначае напрамак развіцця. Крызіснае светаадчуванне звычайна выяўляецца ў часы войнаў, рэвалюцый, сацыяльных рэформ. Яно абвастраецца, як правіла, на мяжы стагоддзяў, а тым больш тысячагоддзяў. Свет і чалавек ў такія пераломныя часы паўстаюць перад позіркам даследчыка ва ўсёй сваёй унікальнай супярэчлівасці і адкрытай нагляднасці. Гістарычныя паралелі і аналогіі звычайна навідавоку. Галоўнае, што паўтараецца кожны раз, — гэта радыкальна змяняецца вобраз свету. Вывучэнне феномену пераходнага перыяду, калі адкрываюцца цэлыя геалагічныя пласты грамадскага жыцця і пачынаюць дзейнічаць патаемныя рухі і тэндэнцыі, само па сабе, нават у форме апісання і першаснай класіфікацыі фактаў, абяцае нечаканыя адкрыцці.

Тэарэтычныя вынікі даследавання выкладзены М.А.Тычынам у раздзеле "Феномен пераходнага перыялу: праблемы тыпалогіі", апублікаваным у калектыўнай манаграфіі "Літаратура пераходнага перыяду: тэарэтычныя асновы гісторыка-літаратурнага працэсу" (2007), навуковым рэдактарам ён з'яўляецца. Пад навуковым кіраўніцтвам М.А.Тычыны выканана асобная тэма "Янка Купала і Якуб Колас і дзяржаўна-культурнае будаўніцтва" (2006 — 2007). вынікам якой з'яўляецца калектыўная манаграфія пад гэтай жа назвай (2007) і змешчаны ў ёй вялікі раздзел даследчыка "Купалаўска-коласаўская праграма сацыякультурнай адбудовы Беларусі і яе рэалізацыя ва ўмовах сучаснага пераходнага грамадства". На аснове гэтай асобнай тэмы была праведзена Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Янка Купала і Якуб Колас у сістэме дзяржаўна-культурных і духоўна-эстэтычных прыярытэтаў ХХІ стагоддзя" (26 — 27 верасня 2007) і выдадзены асобнай кнігай яе матэрыялы. Пад навуковым кіраўніцтвам М.А.Тычыны выкананы практыка-арыентаваны праект "Выяўленча-мастацкія, арганізацыйныя і ідэалагічныя праблемы сучаснай беларускай літаратуры ў яе сувязях з грамадскімі практыкамі" (2006 — 2008), на грунце якой праведзена Рэспубліканская навукова-тэарэтычная канферэнцыя (19 — 20 мая 2009) і апублікаваны асобнай кнігай яе матэрыялы.

Пад навуковым кіраўніцтвам М.А.Тычыны завершана планавая НДР "Мастацкая канцэпцыя чалавека ў гісторыка-культурнай дынаміцы" (2005 — 2008), у якой займае асобнае месца ягоны раздзел "Антрапалагічны паварот" і сучасная беларуская літаратура". Шматскладаная праблематыка так званага антрапалагічнага крызісу і антрапалагічнага павароту, які перажывае наша грамадства, усё чалавецтва, наогул зямная цывілізацыя, вымагае ад навукоўцаў-гуманітарыяў уважліва паглядзець на глыбінную плынь векавечнай Ракі Жыцця, якая імчыць у будучыню па сваіх мала зведаных напрамках і мала асэнсаваных законах. Агульная сусветная тэндэнцыя да глабалізацыі, узаемазалежнасці і адкрытасці, устаноўка на прыярытэтную ролю "грамадзяніна свету", спадзяванне на сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, уніфікацыю тавараў і паслуг, жыццё паводле агульных правілаў, прынцыпаў і каштоўнасцей, якое здаецца паратункам ва ўмовах нарастання невырашальных праблем, з часам усё больш будзе выяўляць іншыя, самыя нечаканыя, жыццёваважныя праблемы. У дачыненні да культуры, мастацтва, літаратуры размова можа ісці пра вывучэнне фундаментальных, тэарэтычных і метадалагічных асноў гісторыка-эстэтычнага працэсу. Навукова плённае даследаванне гісторыі "вялікага пералому" як працэсу, улічваючы унікальную яе складанасць, супярэчлівасць і канфліктнасць, карысна дапоўніць параўнальна-гістарычным і тыпалагічным падыходам, які мае магчымасць паставіць новую з'яву ў кантэкст сусветнай культуры, мастацтва, літаратуры. Менавіта ў шырокім сусветным літаратурным кантэксце больш выразна і дакладна бачыцца нацыянальная самабытнасць працэсаў трансфармацыі старой сістэмы ў новую, і ў той жа час выяўляецца глыбіннае падабенства эстэтычных з'яў і літаратурных фактаў. Адзінай тэхналогіі трансфармацыйных змен няма і аптымальную палітыку пераўтварэнняў у кожнай краіне даводзіцца выпрацоўваць самастойна. Аднак, несумненна, існуе агульная мадэль (апісанне, схема, чарцёж, графік, план, карта) трансфармацыі грамадства, пэўны канчатковы набор правіл (алгарытм), які дазваляе вырашаць у межах дадзенай праблематыкі спецыфічныя задачы дзяржаўна-эканамічнага і духоўна-культурнага станаўлення адкрытага зменам і іннавацыям грамадства. Ключавымі словамі, калі мець на ўвазе згаданую праблематыку, з'яўляюцца для даследчыка паняцці: "настрой розуму", "няяўныя ўстаноўкі думкі", "каштоўнасныя арыентацыі", "аўтаматызмы і навыкі свядомасці", "пазаасабовыя аспекты свядомасці", "патаемны" план грамадскай свядомасці", "глеба, на якой прарастаюць, у прыватнасці, і тэорыі", "вобраз свету ў свядомасці людзей данай супольнасці", "начная свядомасць", "патаемны пласт вобразаў і ўяўленняў". Мастацкая літаратура адносіцца да самых "культураёмістых" і "менталеважкіх" сфер, якія даюць магчымасць пранікнуць у глыбінныя пласты сучасных духоўных працэсаў, уплываць на змест, ход і напрамак грамадскіх змен. У беларускім варыянце духоўная культура, вядомая сваім "літаратурацэнтрызмам", дапамагае народанасельніцтву стаць народам, адчуць сябе нацыяй, усвядоміць сваё месца ў сям'і народаў.

У напісаных падраздзелах тэмы, у апублікаваных навуковых артыкулах ("Тэарэтычнае асэнсаванне літаратурнага працэсу"; "Змена літаратурнага цыкла"; "Мастацкая літаратура як грамадскі інстытут у сучасным беларускім соцыуме", "Сацыяльны статус беларускага літаратуразнаўства ў сістэме гуманітарных навук", "Сацыяльны статус мастацкай літаратуры і сучасныя грамадскія практыкі"), М.А.Тычына адзначае, што беларуская супольнасць мае патрэбу ў тым, каб арыентавацца ў складанай сістэме сучасных антрапалагічных ведаў, актуальных літаратуразнаўчых ідэй, метадаў даследавання, крытычных падыходаў, новай тэрміналогіі. Без гэтага немагчымае аб'ектыўнае разуменне сучаснага літаратурнага працэсу. У падраздзелах "Ад "антрапалагічнага крызіса" да "антрапалагічнага павароту", "Сучаснае беларускае літаратуразнаўства ў сістэме гуманітарных ведаў", падводзяцца вынікі даследавання прыроды, мэты і значэння літаратуры ў новай культурнай сітуацыі, вызначаецца дынамічная сістэма сучасных ідэйных і мастацкіх каштоўнасцей, даследуюцца структурныя асновы літаратурнага працэсу, вывучаюцца ўнутраныя ўзаемадзеянні асноўных мастацкіх напрамкаў і тэндэнцый, асэнсоўваюцца важнейшыя катэгорыі, паняцці і тэрміны нацыянальнай вобразнай свядомасці, абмяркоўваюцца цывілізацыйныя праблемы развіцця літаратуры ў доўгатэрміновай перспектыве. Зразумела, што на першым плане знаходзіцца праблема сучаснага чалавека.

Гісторыя беларускай літаратуры, сучасны яе творчы стан, яе крэатыўныя магчымасці прадстаўляе велізарны матэрыял для грамадска важных вывадаў і навукова-практычных рэкамендацый. Літаратурная тэорыя распрацоўвае праблемы ўзаемадносін светапогляду і літаратурных напрамкаў, мастацкіх сістэм, творчых індывідуальнасцей, аналізуе асноўныя літаратуразнаўчыя паняцці і тэрміны ў сувязі са зменамі культурнага статуса асобы ў грамадстве, уключае ў абсяг вывучэння тэарэтыка-метадалагічныя інавацыі (роля чытача ў літаратурным працэсе, адносіны класікі і масавай лтаратуры, функцыянавання мастацкай літаратуры ў сучасных умовах, існавання літаратурнага тэкста ў сусветным кантэксце, уплыву нацыянальна-культурных традыцый на эстэтычны стан вобразатворчасці).

Вопыт папярэдняга навуковага даследавання сведчыць, што працэс укаранення лепшых тэарэтычных досягненняў — працяглы, працаёмісты і досыць дарагі, ён патрабуе глыбокага асэнсавання мастацкай канцэпцыі чалавека ў святле сучасных глабальных і нацыянальна-спецыфічных праблем, дакладнага ўліку прыроды і характара сучаснай эстэтычнай свядомасці, а таксама вялікага грамадскага попыту на ідэалагічныя каштоўнасці.

Зыходзячы з вышэй сказанага, даследаванне мастацкай канцэпцыі чалавека ў гісторыка-культурнай дынаміцы — задача акутальная, арыентаваная на вырашэнне прыярытэтных у нашай дзяржаве мэт, але навукаёмістая і разлічаная на перспектыву росту тэарэтычнага ўзроўню беларускага літаратуразнаўства.

У аддзеле тэорыі і гісторыі літаратуры, у прыватнасці, былі асэнсаваны і распрацаваны фундаментальныя катэгорыі "гісторыка-літаратурны працэс", "тэарэтычныя і метадалагічныя асновы", "новая літаратурная сітуацыя", "беларуская ментальнасць", "эпічна-гістарычная свядомасць", "пераходны перыяд", "архетыпы нацыянальнай вобразнай свядомасці", "паэтычныя мадэлі беларускай літаратуры", "беларуская гумарыстыка" і інш.

Задачы, заяўленыя ў навуковым праекце, вырашаліся у шырокім гісторыка-культурным і канцэптуальна-тыпалагічным аспекце.

Асобнае месца ў праекце заняло вызначэнне мастацкага вобраза чалавека ў яго суаднясенні з філасофскімі, гістарычнымі, псіхалагічнымі, культуралагічнымі, сацыялагічнымі і іншымі гуманітарнымі ідэямі. Мастацкая канцэпцыя чалавека павінна асэнсоўвацца ў святле сучасных глабальных і нацыянальна-спецыфічных праблем, у кантэксце змен сучаснай эстэтычнай свядомасці і павышанага попыту на ідэалагічныя каштоўнасці.

У параўнанні з шырока вядомымі ў краіне распрацоўкамі тэарэтычных праблем сучаснага літаратурнага працэсу значна паглыбілася вывучэнне праблемы ўзаемаадносін светапогляду і літаратурных напрамкаў, мастацкіх сістэм, творчых індывідуальнасцей. У абсяг даследавання ўключаюцца навуковыя інавацыі: роля чытача ў літаратурным працэсе, адносіны класікі і масавай літаратуры, вобразнае маўленне ў яго сувязі з іншымі формамі вербальнай дзейнасці чалавека, стратэгія паводзін літаратурнага персанажа.

У падраздзелах "Беларуская літаратура на сучасным этапе і праблема яе чалавечага вымярэння", "Антропны прынцып ў мастацкай літаратуры" тэарэтычныя аспекты даследавання М.А.Тычыны паглыбляюцца за кошт аналітычна-крытычнага апісання і асэнсавання ўзнятых дзесяткамі сучасных беларускіх паэтаў і празаікаў праблем "чалавечага існавання". М.АТычына асобна вылучае параграфы, прысвечаныя вядомым і невядомым вызначэнням сучаснай антрапалогіі: Homo loguens (чалавек, які гаворыць), Homo faber (чалавек, які стварае), Homo sapiens (чалавек разумны) і інш.

К. ф. н. Я.А.Гарадніцкі, аўтар грунтоўнай манаграфіі "Мастацкі свет беларускай літаратуры ХХ ст." (2005), у раздзелах "Суб'ектна-аб'ектныя адносіны ў структурнай арганізацыі літаратурнага твора" і "Сацыялогія літаратуры: новыя навукова-метадычныя падыходы ў даследаванні творчага працэса", да якіх прымыкаюць яго артыкулы "Праблема мастацкага светапогляду", "Межавыя капцы не расстаўлены: прафесійная і інсітная літаратура (Гоман: Усебеларускі літаратурна-мастацкі альманах)", разглядвае метадалагічныя прынцыпы сацыялагічнага даследавання літаратуры і прапануе новыя падыходы ў вызначэнні месца мастацкай літаратуры ў сучасным соцыуме, яе функцыянальнай ролі як спецыфічнага сацыяльнага інстытута. Калі ўлічваць сучасны стан літаратуразнаўства, эстэтыкі, філасофіі і іншых гуманітарных навук, у наш час пры разглядзе праблемы мастацкага светапогляду становіцца немагчымым звядзенне яе выключна да непасрэднага выяўлення ідэй у творы. Традыцыя такога падыходу, лічыць аўтар раздзелаў, не зусім яшчэ ў мінулым. Перад літаратуразнаўствам адкрываюцца іншыя перспектывы. Усё больш пільная ўвага надаецца даследаванням узаемадносін светапогляду і паэтыкі на ўзроўні мастацкай вобразнасці, мовы, стылю.

Адна з найважнейшых задач, якая стаіць ў наш час перад беларускім літаратуразнаўствам, заключаецца, на думку вучонага, у вызначэнні канцэптуальных ідэй літаратуры, зыходзячы з аналізу іх мастацкай адпатаванасці, тэкставай ўвасобленасці, структурнай выяўленасці. Безумоўна, вывучэнне спосабаў выяўлення светапоглядных прыкмет у мастацкай форме, яе вобразных і структурных сегментах, не адмяняюць іншых метадаў аналізу светапогляду пісьменніка. У літаратурным творы можа мець месца і прамое выказванне ідэй і канцэпцый пісьменніка, яго роздуму над жыццём. У гэтым выпадку медытацыі мастака слова і яго герояў складаюць верхні ўзровень тэксту. У першую чаргу гэта датычыцца публіцыстычных жанраў, дзе аўтарам ставіцца перад сабой задача непасрэднага ўздзеяння на свядомасць рэцыпіента. Па-свойму выяўляюцца светапоглядныя рысы ў прытчавых нараталагічных структурах. У беларускай літаратуры ХХ стагоддзя гэтыя працэсы, здаўна ўласцівыя эстэтычнай самасвядомасці творцы, набылі выключны дынамічны і выразны характар. Яны ўзаемна пераплятаюцца, дапаўняючы адно аднаго. З аднаго боку, узмацняецца тэндэнцыя да філасофска-маральных пошукаў у літаратуры, асэнсаванню пісьменнікам і героем асноўных законаў быцця, яго сутнасці, месца чалавека ў свеце і яго прызначэнне. З другога — сам працэс мастацкай творчасці пачынае ўсё больш цікавіць пісьменніка, а ў пэўнай ступені і чытача. Мастацтва, літаратура як істотныя з'явы культуры, сферы духоўнай і матэрыяльнай дзейнасці чалавека, якая ў наш час становіцца амаль такой жа адчувальнай і блізкай, як і першасная рэальнасць, успрымаюцца не як нешта маргінальнае і неабавязковае. а як важнейшыя складнікі экзістэнцыі чалавека, функцыянавання цывілізаванага грамадства. Дынамічны, зменлівы свет пэўным чынам узаемадзейнічаюць і суадносяцца з такім жа самым дынамічным і зменлівым, здольным да трансфармацыі мастацкім светам. Вось чаму нацыянальная літаратура павінна ўвесь час улічваць, што яна існуе ў сферы ўзаемадзеяння гэтых шматлікіх светаў, якія суадносяцца паміж сабой.

К. ф. н. Г.М.Кісліцына, аўтар грунтоўнай манаграфіі "Новая літаратурная сітуацыя: змена культурнай парадыгмы" (2005), у раздзеле "Постмадэрнісцкі чалавек у сучаснай беларускай прозе", абапіраючыся на вядомую з антычных часоў канцэпцыю Чалавека як цэласнай мадэлі, якая ў працэсе гісторыі цывілізацыі падвяргаецца распаду ("Смерць суб'екта"), размывання традыцыйнага паняцця "аб'ект і суб'ект" (М.Фуко, Р.Барт, Ж.Дэлёз, Ф.Гватары, К.Брук-Поўз, А.Роб-Грыйе), аспрэчвае рацыянальны суб'ектывізм дэкартаўскага тыпу, крытычна асэнсоўвае мадэрнісцкую традыцыю з яе пасама асабовага пачатку. У межах постмадэрнісцкай парадыгмы, лічыць выканаўца, феномен суб'екта артыкулюецца ў якасці праблематычнага.

Аддзел стаў своеасаблівым пастаўшчыком кадраў для іншых структурных падраздзяленняў і навуковых устаноў: член-карэспандэнт А.М.Адамовіч неўзабаве ўзначаліў аддзел узаемасувязей літаратур (пазней, у 1987 годзе, ён пераехаў у Маскву, дзе займаў пасаду дырэктара Усесаюзнага Інстытута кінематаграфіі), М.І.Мушынскі і В.П. Жураўлёў, паспяхова абараніўшы доктарскія дысертацыі, сталі таксама загадчыкамі аддзелаў. М.І.Мушынскі, у якасцi загадчыка аддзела выданняў і тэксталогіі, які ўзнік у якасці структурнай адзінкі ў 1954 г. (спачатку ў складзе сектара гісторыі старажытнай і новай беларускай літаратуры, а з 1976 г. асобнага аддзела), стварыў акадэмічную школу беларускай тэксталогіі. В.П.Жураўлёў узначаліў аддзел гiсторыi беларускай літаратуры першай паловы ХХ ст., М.А.Тычына стаў загадчыкам аддзела узаемасувязей літаратур (1995-1999). А.С.Яскевіч пасля абароны доктарскай дысертацыі працаваў на пасадзе галоўнага навуковага супрацоўніка, А.А.Яскевіч таксама абараніла доктарскую дысертацыю і стала лаўрэатам дзяржаўнай прэміі "За духоўнае адраджэнне" (2001). Акадэмік У.В.Гніламёдаў быў дырэктарам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы (1997-2006).

Сёння ў аддзеле тэорыі і гісторыі літаратуры працуюць тры дактары навук, адзін акадэмік, тры кандыдаты навук. Гэта У. В. Гніламедаў, М.А.Тычына, Т.Б. Мацюхіна, Л. Г. Кісялёва, С. У. Калядка, М.В. Петухова, Ю.А. Масарэнка. Загадчык аддзела тэорыі і гісторыі з 2017 года – доктар філалагічных навук Г.М. Кісліцына.
Made on
Tilda