30 чэрвеня 1954 г. віцэ-прэзідэнт АН БССР акадэмік І. Лупіновіч падпісаў загад № 263 аб cтварэнні ў Інстытуце літаратуры і мастацтва сектара рукапісаў і выданняў. Гэтае рашэнне значна актывізавала тэксталагічную працу, якая вялася ўжо з канца 20-х гадоў: першыя крокі па збору і выданні класічнай спадчыны зроблены ў сценах Інбелкульта. Менавіта там пад кіраўніцтвам акадэміка І. Замоціна былі падрыхтаваны і выдадзены "Творы" М. Багдановіча ў 2 тамах (1927–1928).
Закладзеныя І. Замоціным традыцыі прадоўжылі літаратуразнаўцы Інстытута ў пасляваенны час, калі тэксталагічная група на чале з В. Барысенкам і Ю. Пшырковым выпусціла ў свет першы навукова каментаваны Збор твораў Янкі Купалы ў 6 тамах (1951–1954), а пазней "Творы" (1957) М. Багдановіча адной кнігай.
На пачатку 60-х гадоў замест сектара рукапісаў і выданняў быў створаны сектар дакастрычніцкай літаратуры і тэксталогіі. У гэты час яго супрацоўнікі падрыхтавалі новыя Зборы твораў – Я. Купалы ў 6 тамах (1961–1964), Я. Коласа ў 12 (1961–1964), М. Багдановіча ў 2 (1968). Непасрэдна ў падрыхтоўцы гэтых выданняў прымалі ўдзел: Д. Бародзіч, Э. Гурэвіч, Р. Гульман, І. Крэнь, У. Ларчанка, М. Мушынскі, К. Піліповіч, А. Семяновіч, А. Харкевіч.
Сямідзесятыя гады сталі новым этапам: у гэты час ішоў актыўны пошук новых архіўных матэрыялаў, звестак пра жыццё і творчасць беларускіх паэтаў, празаікаў, драматургаў. Удасканальвалася і методыка тэксталагічных даследаванняў, што станоўча адбілася на падрыхтоўцы новых Збораў твораў – Я. Купалы ў 7 (1972–1976), Я. Коласа ў 14 (1972–1978) і К. Чорнага ў 8 тамах (1972–1975). У 70-я гады шэрагі беларускіх тэкстолагаў прыкметна папоўніліся. Сярод іх А. Атаева, В. Дэконская, С. Забродская, Э. Золава, М. Тычына, І. Чыгрын.
У 1979 годзе на аснове тэксталагічнай групы было створана самастойнае структурнае падраздзяленне – сектар, а з 1986 г. – аддзел выданняў і тэксталогіі, які ўзначаліў М. Мушынскі.
Крытычная ацэнка зробленага ў папярэднія гады дапамагла тэкстолагам больш выразна акрэсліць характар і кірунак далейшай працы. Менавіта на гэты перыяд прыпадае падрыхтоўка і выхад шэрагу ўжо навукова каментаваных Збораў твораў: І. Мележа ў 10 (1979–1985), М. Лынькова ў 8 (1981–1985), М. Гарэцкага ў 4 (1984–1986), П. Пестрака ў 5 (1984–1986), З. Бядулі ў 5 (1985–1989), П. Броўкі ў 9 (1987–1992) тамах. Паспяховаму ажыццяўленню маштабных планаў спрыяла і тое, што побач з вопытнымі ўжо тэкстолагамі пачалі спрабаваць свае сілы і прадстаўнікі новай тэксталагічнай генерацыі: Т. Голуб, В. Грышкевіч, Т. Дасаева, Л. Зарэмба, М. Кенька, Л. Мазанік, Г. Рэўт, Т. Строева, Л. Хрышчановіч, А. Шамякіна.
Новая старонка ў гісторыі аддзела тэксталогіі звязана з пераходам да падрыхтоўкі Поўных збораў твораў. Першым у гісторыі беларускай тэксталогіі навукова каментаваным выданнем, якое адпавядала Поўнаму, стаў Збор твораў Максіма Багдановіча ў 3 тамах (1992–1995). Абапіраючыся на замоцінскае выданне (1927–1928) і двухтомнік 1968 года, тэкстолагі здолелі данесці да прыхільнікаў таленту аўтара несмяротнага "Вянка" яго багатую, разнастайную спадчыну як самабытнага нацыянальнага паэта, выдатнага перакладчыка і крытыка. Поўны збор твораў М. Багдановіча – паводле ўзроўню прафесійнай падрыхтоўкі, узроўню тэксталагічнай культуры – значнае дасягненне беларускай тэксталагічнай думкі і адначасова – буйная падзея грамадска-культурнага і навуковага жыцця Беларусі 90-х гадоў.
Выхад з друку першага Поўнага збору твораў Я. Купалы ў 9 тамах (10 кн.; 1995–2003) яскрава засведчыў, што беларуская тэксталогія ўзнялася на якасна іншы ўзровень. Даследчыкамі адноўлена нямала купюр, зробленых у папярэдніх выданнях, вызначаны і пашыраны даты напісання многіх вершаў, устаноўлены дакладныя крыніцы першадруку. Значна пашырыўся гістарычны і рэальны каментарый за кошт новых архіўных і дакументальных матэрыялаў. У параўнанні з папярэднім новы Збор твораў павялічыўся на 102 аркушы. У купалаўскую тэксталагічную групу ўваходзілі: Т. Голуб, С. Забродская, Э. Золава, К. Казыра, Л. Мазанік, М. Мушынскі, Т. Строева, А. Шамякіна, Г. Якаўлева. Значную дапамогу тэкстолагам аказвалі навукоўцы, даследчыкі творчасці Купалы – У. Гніламёдаў (аўтар прадмовы), І. Багдановіч, П. Васючэнка, В. Рагойша, В. Скалабан, А. Сідарэвіч, Я. Янушкевіч, вядомыя архівісты В. Селяменеў, А. Гесь, супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Я. Раманоўская, Ж. Дапкюнас, Н. Вітушка, Г. Вітушка, М. Чабатарэвіч, рэдактар выдавецтва "Мастацкая літаратура" Н. Семашкевіч.
Не менш важнай падзеяй у грамадскім жыцці краіны стаў выхад новага навукова каментаванага Збору твораў Якуба Коласа ў 20 тамах (2007–2012), падрыхтаванага ў найбольш поўным аб'ёме. У працэсе працы над ім тэарэтычны і практычны вопыт папярэдніх выданняў Я. Коласа быў тэкстолагамі творча пераасэнсаваны і выкарыстаны з улікам новых даследаванняў, а таксама тых матэрыялаў, якія выяўлены ў працэсе падрыхтоўкі (невядомыя раней аўтографы, машынапісы, карэктуры, архіўныя дакументы).
Корпус выдання павялічыўся таксама за кошт прадмовы, напісанай М. Мушынскім, у якой раскрываюцца нацыянальныя асаблівасці класіка беларускай літаратуры, яго вялікая роля ў гісторыі айчыннай культуры і ўклад у сусветны літаратурны працэс.
У творчы калектыў уваходзілі Т. Голуб, В. Деконская, С. Забродская, Э. Золава, К. Казыра, М. Мушынскі, Т. Строева, А. Шамякіна, Г. Якаўлева, А. Васілевіч, Н. Гальго, Н. Дзенісюк, В. Карачун, Т. Махнач, В. Назараў. Вялікую дапамогу і садзейнічанне ў выкананні гэтага фундаментальнага праекта аказвалі нашчадкі пісьменніка і супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.
Наступным крокам стала падрыхтоўка першага навукова каментаванага Збору твораў І. Шамякіна ў 23 тамах (2010–2014). Асаблівасцю дадзенага выдання з'яўляецца ўключэнне пасляслоўяў да кожнага тома, напісаных вядучымі спецыялістамі па гісторыі беларускай літаратуры XX ст.: Т. Бельскай, А. Бельскім, Л. Дуктавай, Вяч. Караткевічам, М. Каратковым, Я. Клімуцем, А. Макарэвічам, М. Мушынскім, Т. Шамякінай. У пасляслоўях пададзена ацэнка творчасці І. Шамякіна з пазіцыі сучаснага літаратуразнаўства, прааналізавана праблематыка яго твораў і жанравая разнастайнасць, вызначана месца пісьменніка ў гісторыі беларускай літаратуры.
Тэксталагічнае даследаванне ажыццяўлялі Т. Голуб, К. Казыра, М. Мушынскі, А. Шамякіна, А. Васілевіч, Н. Гальго, Н. Дзенісюк, В. Карачун, Т. Махнач, В. Назараў.
Збор твораў Якуба Коласа ў 20 тамах і Збор твораў І. Шамякіна ў 23 тамах, выдадзены ў найбольш поўных на сённяшні дзень аб'ёмах. Упершыню праведзена комплекснае навукова-тэксталагічнае даследаванне літаратурнай спадчыны пісьменнікаў, пошук, вывучэнне і сістэматызацыя архіўных матэрыялаў. У параўнанні з папярэднімі гэтыя выданні папоўнены вялікай колькасцю новых твораў, якія не друкаваліся ці былі змешчаныя на старонках перыядычных выданняў (публіцыстычныя і літаратурна-крытычныя артыкулы, эпісталярый, дзённікі, успаміны, інскрыпты). Так, корпус Збору твораў Якуба Коласа павялічыўся з 364,6 да 576,4 друк. арк., Івана Шамякіна з 238,8 да 715,1 друк. арк.
У выніку вывучэння гісторыі тэксту ўдакладнены ці пашыраны даты напісання большасці твораў Якуба Коласа і Івана Шамякіна. Паспяхова вырашана і адна з галоўных задач, якая заўсёды стаіць перад тэкстолагам – падаць тэксты твораў у адпаведнасці з апошняй творчай воляй аўтара. Найперш, канечне, гэта датычыць тэкстаў Якуба Коласа, у якіх узноўлены шматлікія купюры, зробленыя цэнзурай, з якімі аўтар у свой час вымушаны быў пагадзіцца. Творы пісьменнікаў таксама вызвалены ад шматлікіх недакладнасцей і скажэнняў.
Супрацоўнікі аддзела не абмяжоўваюцца толькі непасрэдна падрыхтоўкай шматтомных выданняў. Яны вядуць актыўную пошукавую працу, абагульняюць уласны практычны вопыт. Што датычыць найбольш значных публікацый, варта згадаць зборнік "Пытанні тэксталогіі беларускай літаратуры" (1980), дзе змешчаны артыкулы Ю. Пшыркова, М. Мушынскага, Р. Гульман, С. Забродскай, В. Атрашкевіча, В. Дэконскай, У. Ларчанкі, А. Харкевіч, Л. Мазанік. У 1989 г. у зборніку "Питання текстологіі" (Кіеў) побач з матэрыяламі ўкраінскіх аўтараў надрукаваны артыкулы М. Мушынскага, Э. Золавай, Л. Мазанік. Матэрыялы дысертацыйнага даследавання Р. Гульман ляглі ў аснову кнігі "Тэксталогія твораў Янкі Купалы" (1971). Манаграфія М. Мушынскага "Ад задумы да здзяйснення: творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі»" (1965) таксама вырасла з дысертацыйнай працы (1963). Па матэрыялах дысертацыі Т. Голуб у 2002 г. выдадзена кніга "У творчай майстэрні класіка: Тэксталогія твораў Максіма Гарэцкага".
Дасягненнем сучаснай тэксталогіі з'яўляецца і складанне Летапісаў жыцця і творчасці беларускіх пісьменнікаў, якія звычайна рыхтаваліся паралельна са зборамі твораў і ўключаліся ў іх: Максіма Багдановіча (1995); Петруся Броўкі (С. Забродская, 1992); Міхася Зарэцкага (Э. Золава, 1992); Янкі Купалы (І. Саламевіч, 2003); Івана Шамякіна (М. Мушынскі, 2014). Асобнымі кнігамі выйшлі Летапісы жыцця і творчасці Міхася Лынькова (М. Кенька, 1987); Максіма Гарэцкага (Т. Дасаева, 1993); Якуба Коласа (М. Мушынскі, 1982, 2012). Летапіс жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова, складзены Т. Голуб (2012, 2014), быў падрыхтаваны не па выніках Збору твораў пісьменніка, што надае яму асаблівую навуковую каштоўнасць.
Літаральна за апошняе дзесяцігоддзе адбылося і больш паглыбленае тэарэтычнае асэнсаванне назапашанага тэкстолагамі вопыту. Пра гэта сведчаць манаграфіі М. Мушынскага (Тэксталогія твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа, 2007; Мае Каласавіны: З вопыту вывучэння літаратурнай і грамадска-культурнай дзейнасці Якуба Коласа, 2010, 2016), Э.А. Золавай (Тэксталогія – мая прафесія, 2006), Т. Голуб (У творчай майстэрні класіка: тэксталогія твораў Максіма Гарэцкага, 2002; Услед за лініяй жыцця: Творчая індывідуальнасць: ад літаратурнага тэксту да культурнай спадчыны, 2006; Тэксталогія беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: гісторыя тэксту як шлях да гісторыі літаратуры, 2013).
У 2016 г. выйшла з друку першая калектыўная манаграфія «Тэксталогія твораў Івана Шамякіна: па выніках выдання Збору твораў у 23 тамах».
Напрыканцы 2016 года выйшла манаграфія В.Ф. Назарава «Тайнапіс Андрэя Мрыя: падтэкст рэалій у творчасці пісьменніка»
У названых працах не толькі абагульняецца вопыт падрыхтоўкі да выдання шматтомных збораў твораў класікаў беларускай літаратуры, але і прапаноўваецца тэарэтычнае абгрунтаванне і вырашэнне актуальных пытанняў тэксталогіі з улікам нацыянальнай спецыфікі.
З 1986 г. аддзел выданняў і тэксталогіі ўзначальваў М. І. Мушынскі, з 2002 г. – Т.С. Голуб, з 2013 г. – А.А. Васілевіч.
Асноўныя напрамкі даследаванняў
Асноўным напрамкам дзейнасці аддзела выданняў і тэксталогіі з'яўляецца падрыхтоўка да выдання навукова каментаваных збораў твораў класікаў беларускай літаратуры.
З 2016 г. выконваецца планавае падзаданне «Класікі нацыянальнай літаратуры: Янка Брыль. Збор твораў у 10 тамах» задання 4.2.13 «Літаратурны працэс на Беларусі ў дыялектычнай повязі мінулага і сучаснага: праблемы тэарэтычнага асэнсавання, тэксталогія, аксіялогія» дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў «Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства».
Супрацоўнікамі аддзела ажыццяўляецца комплекснае навукова-тэксталагічнае даследаванне творчай спадчыны Янкі Брыля і падрыхтоўка да выдання першага навукова каментаванага Збору твораў Янкі Брыля ў 10 тт.
Важнейшыя вынікі працы аддзела за апошнія 5 гадоў
У 2015 г. супрацоўнікі аддзела завяршылі працу над падрыхтоўкай да выдання першага навукова каментаванага Збору твораў народнага пісьменніка Івана Шамякіна ў 23 тамах, які выдадзены ў найбольш поўным на сённяшні дзень аб'ёме, а тэксты надрукаваны згодна з апошняй творчай воляй аўтара.
У параўнанні з папярэднім Зборам твораў у 8 тт. (2003—2007), агульная колькасць матэрыялаў якога складала 238,8 друкаваных аркушаў, дадзенае выданне папоўнена новымі творамі, якія альбо зусім не друкаваліся, альбо былі змешчаны толькі на старонках перыядычных выданняў ці зборнікаў (амаль усе творы апошніх гадоў, п'есы, дзённікі, успаміны пра сучаснікаў Шамякіна: пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў, рэжысёраў), а таксама яго эпісталярнай спадчынай, большая частка якой друкуецца ўпершыню. Корпус новага выдання налічвае 715,1 друкаваных аркушаў, прычым, з іх — 108 друк. арк. прыходзіцца толькі на каментарыі, больш за 70 — на прадмову і пасляслоўі, 14,3 — на "Летапіс жыцця і творчасці І. Шамякіна". У "Летапісе…" (упершыню складзены М. Мушынскім) даследуецца не толькі біяграфія творцы, асвятляюцца падзеі яго асабістага жыцця, адносіны з сябрамі, пісьменнікамі, перакладчыкамі, але і раскрываецца яго шматгранная грамадская дзейнасць.
Кожны том змяшчае дакладныя тэксты, грунтоўныя гісторыка-літаратурны, тэксталагічны і рэальны каментарыі, якія ўключаюць звесткі пра асноўныя крыніцы тэксту, усе вядомыя на момант падрыхтоўкі рукапісныя і друкаваныя крыніцы твораў, месца першай публікацыі і датаванне твораў, апісанне аўтографаў і аўтарызаваных машынапісаў, тлумачэнне гісторыка-літаратурных падзей, асобаў, цытат з твораў іншых пісьменнікаў і г. д.
У фундаментальнай прадмове да Збору твораў, напісанай акадэмікам У. Гніламедавым, пададзена агульная ацэнка творчасці І. Шамякіна, вызначана месца пісьменніка ў гісторыі беларускай літаратуры.
У пасляслоўях, напісаных вядучымі спецыялістамі па гісторыі беларускай літаратуры XX ст.: Т. Бельскай, А. Бельскім, Л. Дуктавай, Вяч. Караткевічам, М. Каратковым, Я. Клімуцем, А. Макарэвічам, М. Мушынскім, Т. Шамякінай, пададзена ацэнка творчасці І. Шамякіна, прааналізавана праблематыка яго твораў, жанравая разнастайнасць, што садзейнічае асэнсаванню ролі і месца І. Шамякіна ў айчынным слоўным мастацтве.
У 2016 г. выйшла з друку новае дапрацаванае выданне манаграфіі М. Мушынскага «Мае Каласавіны: З вопыту вывучэння літаратурнай і грамадска-культурнай дзейнасці Якуба Коласа», дзе шматгранная літаратурная спадчына разглядаецца як мастацка-духоўны складнік грамадскага жыцця на сучасным этапе, даследуюцца недастаткова вывучаныя аспекты творчасці пісьменніка.
У 2016 г. убачыла свет першая калектыўная манаграфія «Тэксталогія твораў Івана Шамякіна: па выніках выдання Збору твораў у 23 тамах». У яе ўвайшлі працы непасрэдных удзельнікаў падрыхтоўкі Збору твораў народнага пісьменніка, а таксама артыкулы вядомых літаратуразнаўцаў, у якіх творчая спадчына пісьменніка аналізуецца з пазіцыі дасягненняў сучаснай навукі. Аўтарамі разглядаецца шырокае кола пытанняў, даследуюцца асаблівасці тэксталагічнай падрыхтоўкі аповесцей і раманаў І. Шамякіна, абгрунтоўваецца выбар асноўнага тэксту, раскрываецца творчая гісторыя напісання твораў пісьменніка, падкрэсліваецца роля і значэнне архіўных звестак, машынапісаў і аўтографаў, уздымаецца праблема датавання, пытанні творчай волі аўтара, цэнзуры і самацэнзуры, навукова абгрунтоўваецца ўнясенне выпраўленняў у тэксты твораў пісьменніка на аснове архіўных дакументаў.
Напрыканцы 2016 г. выйшла манаграфія В.Ф. Назарава «Тайнапіс Андрэя Мрыя: падтэкст рэалій у творчасці пісьменніка», напісаная не па выніках выдання Збору твораў, а – спадзяемся – напярэдадні («Творы» пісьменніка выдаваліся толькі аднойчы ў 1993 г.). У прадмове аўтар якраз і акрэслівае галоўную задачу сваёй кнігі – паспрыяць менавіта навуковаму выданню спадчыны А. Мрыя, правесці тэксталагічнае даследаванне, устанавіць сапраўдны аўтарскі тэкст, падрыхтаваць разгорнуты гісторыка-літаратурны і рэальны каментарыі да спадчыны пісьменніка, незвычайна багатай на эзопаву мову, якая выяўляецца ў насычанасці тэкстаў алегорыямі, алюзіямі і рэмінісцэнцыямі.
22—23 лістапада 2016 г. у Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі супрацоўнікамі аддзела арганізавана першая Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Сучасная беларуская тэксталогія: актуальныя праблемы і перспектывы развіцця», па выніках якой быў выдадзены зборнік матэрыялаў. У канферэнцыі прынялі ўдзел вядомыя беларускія і ўкраінскія навукоўцы. Падчас працы былі абмеркаваны шматлікія пазіцыі тэксталагічнай навукі, сярод якіх: праблемныя пытанні сучаснай і гістарычнай тэксталогіі; тэксталогія і гісторыка-літаратурны працэс; асаблівасці падрыхтоўкі навукова каментаваных збораў твораў з улікам нацыянальнай спецыфікі; тэксталогія і эдыцыйная практыка; гісторыя тэксту, атрыбуцыя і датаванне, творчая воля аўтара, унутраная і знешняя цэнзура, асаблівасці выбару асноўнага і дэфінітыўнага тэкстаў, тэкст, пераклад, каментарыі; тэксталогія пісьменнікаў і асобных твораў і інш.
У межах канферэнцыі была падрыхтавана выстава «Тэксталогія – мая прафесія...», на якой былі прадстаўлены як Зборы твораў класікаў беларускай літаратуры, падрыхтаваныя ў краіне за апошнія гады, так і тэарэтычныя выданні па тэксталогіі, агляд якіх быў зроблены падчас рэвю навейшых выданняў.
У 2018 г. з'явілася перавыданне кнігі А. Шамякінай «Вобразы мілыя роднага краю», у якой разглядаюцца паняцці "прастора" і "час" у трылогіі Я. Коласа "На ростанях" і іх месца і роля ў коласаўскім выяўленні прыроды, нацыянальнай гісторыі, фарміраванні духоўнага свету народнага абаронцы, нацыянальнага барацьбіта за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, якім паўстае галоўны герой трылогіі Андрэй Лабановіч. Даследаванне адзінства тэмы прыроды з аўтарскай канцэпцыяй і нацыянальным характарам дазваляе ў многім па-новаму зразумець трылогію Я. Коласа "На ростанях".
З 2016 г. аддзел працуе над падрыхтоўкай да выдання першага навукова каментаванага Збору твораў Янкі Брыля ў 10 тамах. Так, у 2018 г. убачылі свет 1-ы і 2-і тамы Збору твораў класіка нацыянальнай літаратуры. У 1 том увайшлі апавяданні і замалёўкі 1937—1966 гг., каментарыі, найбольш значныя ў мастацкіх адносінах варыянты, а таксама прыжыццёвае літаратурнае завяшчанне пісьменніка. Другі том склалі апавяданні і замалёўкі 1967—1994 гг, тэксталагічны і рэальны каментарыі да твораў. У прадмове М.А. Тычыны да Збору твораў жыццё і творчасць пісьменніка асвятляюцца з улікам новых матэрыялаў сучаснага літаратуразнаўства.