Навуковыя чытанні, прысвечаныя 130-годдзю з дня нараджэння беларускага грамадскага і дзяржаўнага дзеяча, акадэміка АН БССР, пісьменніка Зміцера Хведаравіча Жылуновіча (Цішкі Гартнага) "КАПЫЛЬСКІЯ ЧЫТАННІ"
адбыліся 20 кастрычніка 2017 года ў г. Капылі (Капыльская сярэдняя школа № 2 імя Цішкі Гартнага)
Чытанні былі арганізаваны Аддзяленнем гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сумесна з Капыльскім раённым выканаўчым камітэтам. У іх прынялі ўдзел як навукоўцы з Нацыянальнай акадэміі навук (перадусім літаратуразнаўцы і гісторыкі), так і мясцовыя гуманітарыі. З прывітальнымі словамі выступілі прадстаўнікі НАН Беларусі (член-карэспандэнт А.А. Каваленя і акадэмік А.І. Лакотка), намеснік старшыні Капыльскага раённага выканаўчага камітэта Ліпніцкі Аляксандр Мікалаевіч. Прагучала 11 навуковых дакладаў. У выступленнях былі закрануты самыя розныя аспекты жыцця і мастацкай дзейнасці Цішкі Гартнага, раскрыта шматграннасць яго літаратурнай творчасці, акцэнтавана значэнне яго спадчыны для сучаснасці.
Акрамя таго, мясцовымі краязнаўцамі, бібліятэкарамі, настаўнікамі гуманітарных дысцыплін і вучнямі былі прадстаўлены тэматычныя прэзентацыя, выстава малюнкаў, фотавыстава. Чытанні наведалі шматлікія вучні, настаўнікі і зацікаўленыя жыхары раёна.
Удзельнікі Капыльскіх чытанняў усклалі кветкі да помніка Цішку Гартнаму, размешчанаму ў цэнтры горада, азнаёміліся з экспазіцыяй Капыльскага краязнаўчага музея, у якім прадстаўлена шмат цікавых экспанатаў па гісторыі аднаго з найстаражытных гарадоў Беларусі.
У рамках чытанняў быў праведзены конкурс для вучняў агульнаадукацыйных устаноў Капыльскага раёна на лепшы твор наступнай тэматыкі:
Капыль – радзіма Зміцера Хведаравіча Жылуновіча (Цішкі Гартнага). Людзі Капыльшчыны. Гістарычнае мінулае Капыльшчыны. Сённяшні дзень Капыльскага раёна. Лепшы малюнак Капыльшчыны. Лепшы фотаздымак Капыльшчыны.
Правядзенне цыклу падобных мерапрыемстваў па рэгіёнах мае значнасць у святле задач культурнага будаўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, умацавання духоўнасці беларускага народа на сучасным этапе. .