Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы
У 2016 г. выйшла з друку новае дапрацаванае выданне манаграфіі М. Мушынскага «Мае Каласавіны: З вопыту вывучэння літаратурнай і грамадска-культурнай дзейнасці Якуба Коласа», дзе шматгранная літаратурная спадчына разглядаецца як мастацка-духоўны складнік грамадскага жыцця на сучасным этапе, даследуюцца недастаткова вывучаныя аспекты творчасці пісьменніка.

У 2016 г. убачыла свет першая калектыўная манаграфія «Тэксталогія твораў Івана Шамякіна: па выніках выдання Збору твораў у 23 тамах». У яе ўвайшлі працы непасрэдных удзельнікаў падрыхтоўкі Збору твораў народнага пісьменніка, а таксама артыкулы вядомых літаратуразнаўцаў, у якіх творчая спадчына пісьменніка аналізуецца з пазіцыі дасягненняў сучаснай навукі. Аўтарамі разглядаецца шырокае кола пытанняў, даследуюцца асаблівасці тэксталагічнай падрыхтоўкі аповесцей і раманаў І. Шамякіна, абгрунтоўваецца выбар асноўнага тэксту, раскрываецца творчая гісторыя напісання твораў пісьменніка, падкрэсліваецца роля і значэнне архіўных звестак, машынапісаў і аўтографаў, уздымаецца праблема датавання, пытанні творчай волі аўтара, цэнзуры і самацэнзуры, навукова абгрунтоўваецца ўнясенне выпраўленняў у тэксты твораў пісьменніка на аснове архіўных дакументаў.

Напрыканцы 2016 г. выйшла манаграфія В.Ф. Назарава «Тайнапіс Андрэя Мрыя: падтэкст рэалій у творчасці пісьменніка», напісаная не па выніках выдання Збору твораў, а – спадзяемся – напярэдадні («Творы» пісьменніка выдаваліся толькі аднойчы ў 1993 г.). У прадмове аўтар якраз і акрэслівае галоўную задачу сваёй кнігі – паспрыяць менавіта навуковаму выданню спадчыны А. Мрыя, правесці тэксталагічнае даследаванне, устанавіць сапраўдны аўтарскі тэкст, падрыхтаваць разгорнуты гісторыка-літаратурны і рэальны каментарыі да спадчыны пісьменніка, незвычайна багатай на эзопаву мову, якая выяўляецца ў насычанасці тэкстаў алегорыямі, алюзіямі і рэмінісцэнцыямі.

22—23 лістапада 2016 г. у Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі супрацоўнікамі аддзела арганізавана першая Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Сучасная беларуская тэксталогія: актуальныя праблемы і перспектывы развіцця», па выніках якой быў выдадзены зборнік матэрыялаў. У канферэнцыі прынялі ўдзел вядомыя беларускія і ўкраінскія навукоўцы. Падчас працы былі абмеркаваны шматлікія пазіцыі тэксталагічнай навукі, сярод якіх: праблемныя пытанні сучаснай і гістарычнай тэксталогіі; тэксталогія і гісторыка-літаратурны працэс; асаблівасці падрыхтоўкі навукова каментаваных збораў твораў з улікам нацыянальнай спецыфікі; тэксталогія і эдыцыйная практыка; гісторыя тэксту, атрыбуцыя і датаванне, творчая воля аўтара, унутраная і знешняя цэнзура, асаблівасці выбару асноўнага і дэфінітыўнага тэкстаў, тэкст, пераклад, каментарыі; тэксталогія пісьменнікаў і асобных твораў і інш.

У межах канферэнцыі была падрыхтавана выстава «Тэксталогія – мая прафесія...», на якой былі прадстаўлены як Зборы твораў класікаў беларускай літаратуры, падрыхтаваныя ў краіне за апошнія гады, так і тэарэтычныя выданні па тэксталогіі, агляд якіх быў зроблены падчас рэвю навейшых выданняў.
Made on
Tilda