Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы
Гісторыя аддзела беларускай літаратуры
XX і XXI стст.

~
Аддзел беларускай літаратуры ХХ і ХХІ стст. – досыць маладое навуковае падраздзяленне Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі. Аддзел быў утвораны 01.07.2008 г. у выніку рэагранізацыі аддзела беларускай літаратуры ХХ стагоддзя шляхам далучэння да яго Аддзела сучаснай беларускай літаратуры. (Загад № 45 ад 21.05.2008 г.). Са снежня 2008 года Аддзел беларускай літаратуры ХХ і ХХІ стст. узначальвае кандыдат філалагічных навук Манкевіч А.А.

Структурнае навуковае падраздзяленне, якое займалася даследаваннем сучаснага стану беларускай літаратуры, бягучага літаратурна-творчага працэсу ў інстытуце існавала заўсёды. Праўда, называлася яно ў розныя гады па-рознаму: "сектар беларускай літаратуры", "сектар беларускай савецкай літаратуры", "аддзел беларускай савецкай літаратуры", "аддзел сучаснай беларускай літаратуры і крытыкі". Вызначальнай рысай супрацоўнікаў гэтага аддзела яшчэ з даваенных часоў выступала актыўнасць творчых пошукаў. Прынамсі, выхад кніг "Запіскі Інстытута літаратуры і мастацтва" (Кн. І. – Мн., 1933; Кн. ІІ. – Мн., 1934); "Аб дзіцячай літаратуры: крытычны зборнік" (Мн., 1934); "Драматургія: Першы дыскусійны зборнік аўтаномнай секцыі драматургаў Аргкамітэта ССП БССР і Інстытута літаратуры і мастацтва" (Мн., 1934); "Літаратура і мастацтва: Нарысы і матэрыялы" (Мн., 1934) і інш., якія сталіся значнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі, без іх чыннага ўдзелу быў бы немагчымым.

Тое самае можна сказаць пра падрыхтоўку падручнікаў і дапаможнікаў па беларускай літаратуры для навучальных устаноў рознага профілю.

У плане выбару навуковых прыярытэтаў, тэматычнай наменклатуры шмат зрабілі былыя загадчыкі аддзела Л.Фіглоўская (1952–1954), В.Івашын (1954–1967), П.Дзюбайла (1967–1995). Менавіта дзякуючы іх намаганням аддзел набыў усе адзнакі акадэмічнай навукова-даследчай супольнасці.

Праца аддзела была запатрабаванай заўсёды. Часам гэтая запатрабаванасць набывала формы прамога сацыяльнага заказу, як гэта было напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны, калі перад супрацоўнікамі Інстытута літаратуры была пастаўлена задача стварэння акадэмічнай гісторыі беларускай літаратуры (вайна перашкодзіла здзяйсненню гэтай задумы, і толькі ў 1954 годзе былі выпушчаны "Очерк истории белорусской советской литературы", а праз два гады – "Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры"). Па непасрэднаму сацыяльнаму заказу ў пасляваенны час супрацоўнікі аддзела прымалі чынны ўдзел у стварэнні навучальных праграм па беларускай літаратуры для сярэдніх школ, падручнікаў і дапаможнікаў як для сярэдніх і сярэдне-спецыяльных устаноў, так і для філалагічных факультэтаў ВНУ.

Задаволіўшы вострую патрэбу ў падобных выданнях, супрацоўнікі прыступілі да распрацоўкі многіх актуальных літаратуразнаўчых праблем. Імі былі створаны многія манаграфіі, у тым ліку і пра творчасць класікаў беларускай літаратуры. Прыхільна сустрэла літаратурная грамадскасць кнігі М.Барсток "Вобраз станоўчага героя ў творчасці Якуба Коласа" (1951), "Пятро Глебка" (1952), "Віднейшы беларускі дзіцячы пісьменнік Янка Маўр" (1958); М.Яроша "Драматургія Янкі Купалы" (1959) і інш.

Працягваючы распрацоўку важнейшых пытанняў гісторыі беларускай савецкай літаратуры і праблем сучаснага літаратурнага працэсу, вучоныя аддзела засяродзілі сваю ўвагу на выкананні трох навукова-даследчых тэм: "Беларуская крытыка і сучасны літаратурны працэс"; "Беларуская літаратура і праблемы сучаснасці"; "Шляхі развіцця беларускай савецкай паэзіі".

Удалы выбар тэматыкі даследавання дазволіў калектыву аддзела атрымаць значныя навуковыя вынікі. "Беларуская савецкая паэма" (1979) М.Арочкі, "Беларуская савецкая лірыка" (1979) В.Бечыка і М.Яроша, "Беларуская літаратура і праблемы сучаснасці" (1978) І.Навуменкі, М.Барсток, І.Чыгрына, С.Лаўшука – вось толькі некалькі кніг, выдадзеных паводле матэрыялаў згаданага даследавання.

Значнай падзеяй стала выкананне калектыўнай планавай тэмы "Сучасныя беларускія пісьменнікі: Станаўленне творчай індывідуальнасці" (выканаўцы: С. Андраюк, В. Бечык, А. Верабей, Л. Гарэлік, Т. Грамадчанка, А. Гурская, А. Лысенка, Л. Савік), у якой упершыню шырока, манаграфічна, у плане станаўлення творчай індывідуальнасці даследавалася творчасць так званых шасцідзесятнікаў: У. Караткевіча, І. Пташнікава, І. Чыгрынава, Р. Барадуліна, А. Вярцінскага, Я. Сіпакова, Б. Сачанкі.

У 80-я гады ў аддзеле на высокім навуковым узроўні было завершана даследаванне "Творчасць пісьменніка і развіццё літаратуры", у якім шмат у чым па-новаму былі разгледжаны шляхі станаўлення беларускай савецкай літаратуры, вызначана роля буйнейшых пісьменнікаў 20–30-х гадоў у выпрацоўцы новых творчых традыцый, развіццё іх у пасляваенныя гады маладзейшым пакаленнем творцаў. Паказальна, што ў даследаванні вялікае месца ўдзелена аналізу творчасці тых пісьменнікаў (А. Александровіч, С. Баранавых, А. Дудар, В. Каваль, Б. Мікуліч, Р. Мурашка, Я. Нёманскі, Я. Пушча, У. Хадыка, Хв. Шынклер, Я. Скрыган), якія па розных прычынах былі абыдзены ўвагай ранейшымі даследчыкамі.

Вялікія надзеі звязваліся ў аддзеле з выкананнем калектыўнай планавай тэмы "Праблемы цэласнага падыходу да літаратуры як складанай ідэйна-эстэтычнай сістэмы: жыццё – пісьменнік – твор – чытач (вопыт сацыялагічнага даследавання)". Дзеля больш эфектыўнага спасціжэння пастаўленых даследчых задач было праведзена шырокае анкеціраванне чытачоў. Гэта дало магчымасць разабрацца ў асаблівасцях успрыняцця мастацкай літаратуры рознымі прафесійнымі, сацыяльнымі, узроставымі пластамі насельніцтва. Веданне гэтых асаблівасцей дапамагала больш прадметна разважаць аб псіхалогіі творчасці, аб мастацкай адэкватнасці ўзнаўлення рэчаіснасці ў творах розных літаратурных жанраў.

У пачатку 80-х гадоў аддзел працаваў над выкананнем калектыўных тэм "Праблемы сучаснай беларускай літаратуры і крытыкі" і "Сучасная беларуская крытыка: ідэйна-эстэтычны ўзровень, крытэрыі, перспектывы развіцця". У гэтых працах з вышыні сучасных патрабаванняў была дадзена ацэнка літаратурнай сітуацыі ў краіне, выяўлены новыя тэндэнцыі ў крытыцы, прозе, паэзіі, драматургіі, публіцыстыцы, літаратуры для дзяцей, паказаны цяжкасці, з якімі выпрацоўвалася новае мастацкае мысленне, новыя крытэрыі праўдзівасці, гуманізму, дэмакратызму ў літаратуры.

90-я гады былі пазначаны далейшым пашырэннем тэматыкі даследаванняў. І хоць асноўныя сілы (П. Дзюбайла, М. Арочка, Э. Гурэвіч, С. Лаўшук, Т. Грамадчанка, А. Гурская, Л. Савік) былі кінуты на выкананне агульнаінстытуцкай задачы стварэння "Нарысаў па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей", а потым "Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя", у творчых планах знайшлося месца і для актуальнай тэмы "Пытанні экалогіі, экалагічнага выхавання і сучасная беларуская літаратура" (кіраўнік П.Дзюбайла, выканаўцы В.Козіч і Л.Турбіна). На шырокім фактычным матэрыяле ў працы раскрыты праблемы ўзаемаадносін чалавека з акаляючым асяроддзем, прыродай, уплыў прыроды на фармаванне характараў, станаўленне асобы.

На працягу некалькіх гадоў к.ф.н. Л. Савік займалася вывучэннем літаратуры беларускага замежжа, вынікам якога з'явілася напісанне артыкулаў пра творчасць Н. Арсенневай, М. Сяднёва, І. Рытар, Х. Ільяшэвіча, А. Салаўя, У. Дудзіцкага, У. Случчанскага і інш.

"Беларуская літаратура і працэсы грамадска-палітычнай перабудовы" – адна з важных навукова-даследчых тэм, выкананых у аддзеле. Звышзадачай гэтага даследавання было вывучэнне не толькі прамых, але і ўскосных уздзеянняў рыначных адносін на творчую індывідуальнасць творцы. Аналіз праводзіўся ў аспекце асноўных літаратурных жанраў: прозы, паэзіі, драматургіі, публіцыстыкі. У цэнтры ўвагі даследчыкаў пастаянна заставалася праблема ўзаемасувязей паміж зменамі ў грамадска-палітычных рэаліях краіны і эвалюцыяй творчага здзяйснення. Далейшае развіццё гэтых навуковых пастулатаў знайшло ў навукова-даследчай працы "Актуальныя праблемы сучаснага літаратурнага працэсу".

Вялікае месца даследаванне творчых тэхналогій заняло і ў працы "Сучасны літаратурны працэс: пісьменнік і ідэйна-мастацкія каардынаты творчасці". Пошук новых сродкаў мастацкай выразнасці і эстэтычнай змястоўнасці, выпрацоўка новых падыходаў да выкарыстання прыёмаў традыцыйна-рэалістычнай паэтыкі, пашырэнне постмадэрнісцкіх элементаў – усё гэта пастаянна знаходзілася ў цэнтры ўвагі аўтараў працы. Побач з гэтым вызначалася роля літаратуры ў фармаванні маральна-этычнага клімату ў нашай краіне, у выпрацоўцы асноўных пастулатаў нацыянальнай ідэі і г.д.

Заснаванне аддзела гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст. прыпадае на снежань 1982 г. Тады аддзел на грамадскіх пачатках узначаліў віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук БССР, доктар філалагічных навук, акадэмік І.Навуменка, у 1992 – 2004 гг. аддзел узначальваў доктар філалагічных навук В.Жураўлёў, у 2006 – 2008 загадчыкам аддзела з'яўляўся доктар філалагічных навук В.Максімовіч.

У полі зроку многіх даследчыкаў-гуманітарыяў была і да сённяшняга дня знаходзіцца творчасць волатаў нашай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Адно з самых ганаровых месц сярод гэтых даследаванняў належыць такім шырокавядомым працам як "Янка Купала. Духоўны воблік героя" (1967) і "Якуб Колас. Духоўны воблік героя" (1968) І. Навуменкі. Для аддзела гэтыя працы з'явіліся бясспрэчным і сур'ёзным пабуджальным імпульсам у далейшай выпрацоўцы неардынарных падыходаў да вывучэння літаратурнай класікі. Вядома, нешта ў гэтых грунтоўных працах пазначана толькі фрагментарна, пункцірна. Аднак нават і тое, што ў гэтых даследаваннях І.Навуменкі і не знаходзіць разгорнутай трактоўкі, нясе ў сабе дзейсную пабуджальную энергію і настройвае на далейшы аналітычны роздум. Паказальны і такі факт: кніга І. Навуменкі "Янка Купала і Якуб Колас" выдадзена ў Парыжы (1984). Выходзіць, што і далёкае цывілізаванае замежжа было зацікаўлена, каб глыбей і паўней уведаць пра нашых народных песняроў.

Літаратуразнаўчы інтарэс І. Навуменкі, які доўгі час займаў ў аддзеле пасаду галоўнага навуковага супрацоўніка, быў таксама цесна звязаны з асэнсаваннем і новым прачытаннем літаратурнай класікі. У 90-я гады апублікаваны аж чатыры яго манаграфіі: "Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч" (1992), "Змітрок Бядуля" (1995), "Максім Багдановіч" (1997), "Ранні Кузьма Чорны" (2000). За тры першыя працы аўтар быў адзначаны акадэмічнай прэміяй (1997).

Некаторыя важныя і прынцыповыя тэарэтыка-метадалагічныя ідэі ў вывучэнні літаратурнай класікі, якія пэўным чынам паспрыялі складванню ў аддзеле перспектыўнай літаратуразнаўчай тэндэнцыі, былі закладзены ў працах д.ф.н. В. Жураўлёва "Сюжэт і рэчаіснасць" (1967), "Ад факта да сюжэта" (1974), "Структура твора" (1978), "Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана" (1991), "На шляху духоўнага самасцвярджэння" (1995), "У пошуку духоўных ідэалаў" (2000). Пра аўтарскую цікавасць да паэтыкі, мастацка-вобразнай палітры твора сведчаць самі загалоўкі даследаванняў.

Для шэрагу супрацоўнікаў аддзела даследаванне пытанняў паэтыкі і эстэтыкі стала працяглым і ўстойлівым інтарэсам. Гэта можна сказаць, напрыклад, пра к.ф.н. З. Драздову. Яе першая манаграфія "Майстэрства слова: Моўна-стылёвыя асаблівасці "Палескай хронікі" І.Мележа", выйшла ў 1993 г. У 1997 г. з'яўляецца новая манаграфія З. Драздовай "Творчасць А. Мрыя і Л. Калюгі: Стылявыя асаблівасці", а ў 2001 - чарговая "Моўна-стылёвыя праблемы эпічнага жанру: Партрэт. Пейзаж", у якой з энцыклапедычнай вычарпальнасцю ўзнаўляюцца і класіфікуюцца шматлікія разнавіднасці беларускай пейзажыстыкі, партрэтнага жывапісу.

У аддзеле гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст. заўсёды імкнуліся падтрымліваць прынцып сістэмна-комплекснага падыходу да аналізу твораў. Распрацоўвалася такая важная тэма, як "Беларуская літаратура І-ай паловы ХХ ст.: Праблемы эстэтыкі і паэтыкі" (1996–1998). Кожная з падтэм гэтай агульнай калектыўнай тэмы рэалізавана ў форме праблемна ўзаемасвязаных манаграфічных даследаванняў: "Моўна-стылёвыя праблемы эпічнага жанра" (З. Драздова), "Эстэтыка творчасці Янкі Купалы" (Д. Санюк), "У пошуку духоўных ідэалаў" (В. Жураўлёў, "Уладзімір Дубоўка і паэтыка «Узвышша»" (І. Багдановіч), "Беларуская літаратура ХХ ст. і сімвалізм" (П. Васючэнка), "Паэтыка лірызму ў беларускай прозе" (Т. Дасаева), "Эстэтыка рэальнага і ідэальнага ў творчасці М.Зарэцкага і К.Чорнага 20-х гадоў" (І. Шаладонаў).

Сістэмна-комплексны і калектыўны падыход быў вызначальным і пры распрацоўцы ў аддзеле такіх важных тэм, як "Ідэйна-творчыя прынцыпы беларускай літаратуры 20-х–30-х гадоў", "Праблемы станаўлення і развіцця беларускай літаратуры 20-х–30-х гадоў", "Мастацкія традыцыі і пераасэнсаванне вопыту беларускай літаратуры 20-х–30-х гадоў". На аснове выканання гэтай тэматыкі падрыхтавана і апублікавана шэраг манаграфій, некаторыя з якіх нясуць выразныя прыкметы навуковай фундаментальнасці і метадалагічнай навізны. Гэта перш за ўсё кніга І. Багдановіч "Янка Купала і рамантызм" (1989). У 2001 г. выйшла ў свет другая манаграфія І. Багдановіч "Авангард і традыцыя: Беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэння", дзе на шырокім фоне грамадска-культурнага жыцця канца ХІХ – першай трэці ХХ ст. даследуюцца праблемы станаўлення і развіцця нацыянальнай класічнай традыцыі ў паэзіі, нараджэнне і змену ў ёй авангардных стыляў мастацкага пісьма ў сувязі з агульнаеўрапейскім літаратурным кантэкстам эпохі мадэрнізму.

Прыкметнай літаратуразнаўчай з'явай сталі даследаванні І. Чыгрына. Яму ўдалося сказаць удумлівае слова пра нашых класікаў у кнігах "Проза «Маладняка». Дарогамі сцвярджэння" (1985), "Крокі. Проза «Узвышша»" (1989), "Рэальнае і магчымае. Проза Якуба Коласа" (1991), "Паміж былым і будучым. Проза Максіма Гарэцкага" (1994),. Нельга пры гэтым не адзначыць, што І.Чыгрын, працуючы над гэтымі кнігамі, як мы цяпер гаворым, у застойныя гады, змог адчуць і заўтрашні, абноўлены дзень літаратуразнаўства, якое прадчувала неабходнасць ліквідацыі "белых плям" у нашай шматпакутнай літаратуры.

Сваю індывідуальную нішу ў вывучэнні складаных пытанняў беларускай драматургіі знайшоў к.ф.н. П. Васючэнка. Многія тэарэтычныя палажэнні яго навуковай манаграфіі "Драматургія і час" (1991), сталі падмуркам для стварэння вучэбнага дапаможніка "Сучасная беларуская драматургія" (2000), які выйшаў пад грыфам Міністэрства адукацыі РБ. Сучасная беларуская літаратура разглядаецца аўтарам гэтай кнігі ў шырокім гісторыка-культурным кантэксце і з падключэннем матэрыялу сусветнай літаратуры.

Важнай і актуальнай ў тэарэтычным і практычным вырашэнні праблемы чалавечага характару бачыцца манаграфія Т. Дасаевай "Пошукі героя. З вопыту беларускай прозы 20-х гадоў" (1993). У кантэксце паглыблення і пашырэння ведаў у галіне літаратурнай спадчыны знаходзіцца і праца Т. Дасаевай "Летапіс жыцця і творчасці М.Гарэцкага" (1993) – вынік карпатлівай працы па вывучэнні, збору і сістэматызацыі матэрыялаў пра М. Гарэцкага.

Выключна важным аспектам навуковай дзейнасці аддзела правамерна назваць актыўны ўдзел яго супрацоўнікаў у напісанні новай "Гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст.". У выкананні гэтай фундаментальнай агульнаінстытуцкай тэмы ўдзельнічаў увесь наяўны навуковы склад аддзела – ад акадэміка да малодшага навуковага супрацоўніка. У агульнай колькасці было напісана 30 раздзелаў. Гэта ў асноўным – манаграфічныя характарыстыкі творчасці асобных пісьменнікаў. Прытым 19 манаграфічных раздзелаў тут – новыя імёны (Ул. Жылка, А. Грачанікаў, А. Кудравец, А. Вярцінскі, Г. Бураўкін, А. Калюга, П. Макаль, С. Гаўрусёў, А. Звонак, Я. Сіпакоў, Н. Гілевіч, А. Мрый, І. Навуменка, В. Казькао, А. Дудараў і інш.).

Арганічнай і важнай састаўной часткай новай "Гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст." з'яўляецца "Хроніка літаратурнага жыцця". Плённа папрацавалі на гэтым участку к.ф.н. В. Смольская, І. Шаладонаў, А. Манкевіч. Матэрыялы па "Хроніцы..." за 1917–1934 годы, падрыхтаваныя І.Шаладонавым, змешчаны ў І–ІІ тт. Гісторыі беларускай літаратуры, а фактычны матэрыял грамадска-літаратурнага жыцця за 1963–1985 гг., падрыхтаваны А. Манкевіч і І. Шаладонавым, увайшоў у ІІІ і IV т. "Гісторыі...".

Прыкметнае месца займае праца аддзела і ў такім энцыклапедычным шасцітомным выданні, як біябібліяграфічны слоўнік "Беларускія пісьменнікі" (1992–1995), над падрыхтоўкай якога багата і эфектыўна папрацавалі такія супрацоўнікі аддзела, як В. Смольская, Т. Дасаева, І. Багдановіч, І. Чыгрын.

У 2001 годзе ў аддзеле завяршылася праца над калектыўнай тэмай "Літаратурныя традыцыі і сучаснасць". Неабходнасць у распрацоўцы дадзенай тэмы была прадыктавана яе актуальнасцю і недастатковым даследаваннем цэлага комплексу вузлавых пытанняў гісторыка-літаратурнага, тэарэтыка-метадалагічнага і эстэтычнага плану. У цэнтры даследавання знаходзіцца і ў пэўнай ступені дамінуе такая надзвычай важная праблема, як выяўленне рэальных і патэнцыяльных магчымасцей беларускай літаратуры на сучасным этапе яе развіцця ў параўнальна-тыпалагічным кантэксце мастацкіх традыцый і ў першую чаргу традыцый нацыянальнай літаратурнай класікі.

На вытлумачэнне фундаментальных асноў мастацкасці ў літаратуры праблемна арыентавана манаграфія В. Жураўлёва "Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана", якая выйшла другім, выпраўленым і дапоўненым выданнем ў 2004 г. Буйным планам і ў цесным узаемадачыненні з сацыяльнымі, філасофскімі, маральна-этычнымі пытаннямі вылучаецца эстэтычны аспект аналізу літаратурнага твора і ў другой кнізе гэтага аўтара "Актуальнасць традыцый. Якуб Колас у пісьменніцкім асяродку" (2002).

У творчы актыў аддзела трэба залічыць і выкананне дзвюх планавых тэм "Літаратурныя традыцыі і сучаснасць" і "Праблемы этыкі і эстэтыкі ў беларускай літаратуры ХХ ст.". У параўнальна-тыпалагічным кантэксце з нацыянальнай і сусветнай літаратурнай традыцыяй раскрыты пазітыўныя тэндэнцыі эксперыментальна-мастацкага пошуку ў творчасці сучасных беларускіх пісьменнікаў малодшага і сярэдняга пакаленняў (Ю. Станкевіча, Г. Далідовіча, А. Наварыча, А. Казлова, А. Федарэнкі, А. Бравы і інш.). У гэтай сувязі ўнесены сур'ёзныя навуковыя карэктывы ў само разуменне творчай метадалогіі і галоўным чынам у асэнсаванне метадалагічных прынцыпаў рэалізму, які пэўнымі коламі маладой генерацыі пісьменнікаў нярэдка адсоўваецца сёння на задні план і залішне высока ўзнімаецца ацэначная шкала паэтыкі мадэрнізму і постмадэрнізму.

Да 80-гадовага юбілею Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы аддзел беларускай літаратуры ХХ і ХХІ стст. падышоў са значнымі творчымі набыткамі: звыш 100 манаграфій, тысячы артыкулаў у навуковых зборніках, энцыклапедыях, перыядычных выданнях. Асноўны аб'ём працы па напісанні "Гісторыі беларускай савецкай літаратуры" (Т. 1. – Мн., 1964; Т. 2. – Мн., 1966), "Истории белорусской советской литературы" (Мн., 1977), "Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя" ў чатырох тамах, пяці кнігах (Мн., 1999–2003), двухтомнага дапаможніка па гісторыі беларускай літаратуры для філалагічных факультэтаў ВНУ і інш. быў выкананы супрацоўнікамі аддзела.

У 2011-2015 гг. аддзел беларускай літаратуры ХХ і ХХІ стагоддзя працаваў над выкананнем тэмы "Мастацкі дыялог класікі і сучаснасці: праблемы пісьменніцкага майстэрства", (кіраўнік – к.ф.н. Манкевіч А.А.), якая ўключана ў ДПФД "Гуманітарныя навукі як фактар развіцця беларускага грамадства і дзяржаўнай ідэалогіі" ("Гісторыя, культура, грамадства, дзяржава"). Падпраграма 4: "Беларуская мова і літаратура". У рамках гэтай планавай тэмы ажыццяўляецца таксама падрыхтоўка да выдання "Збору твораў Івана Навуменкі ў 10 тамах", (кіраўнік: член-карэспандэнт НАН Беларусі Лаўшук С.С.).

За гады працы аддзела выйшаў таксама шэраг кніг. Гэта манаграфіі І. Шаладонава "Выпрабаванне чалавечнасці: Беларускае апавяданне аб рэвалюцыі і грамадзянскай вайне" (2008), Д. Дудзінскай "Сусвет і Свет душы: творчая індывідуальнасць Віктара Карамазава, літаратурны працэс" (2008), калектыўная манаграфія "Сучасная літаратура: каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку" (2008), У. Чароты "Дантэ Аліг'еры і беларуская літаратура ХХ стагоддзя" (2009), Т. Вабішчэвіч "Станаўленне нацыянальнай паэтычнай традыцыі (1900-1910-я гг.): фактары, механізмы, этапы" (2009), А. Манкевіч "Праз прызму жыцця: стылёва-жанравыя асаблівасці апавяданняў Якуба Коласа" (2009), С. Лаўшука "Гарызонты беларускай драматургіі" (2010), З. Драздовай "Мастацкія варыянты дыялагізму" (на матэрыяле класічнай і сучаснай літаратуры) (2010), В. Жураўлёва "Класіка і літаратурная сучаснасць: духоўны патэнцыял чалавека" (2011), Р. Дубашынскага "Прыпавесць у сучаснай беларускай прозе" (2011).

За апошнія пяць гадоў у аддзеле быў падрыхтаваны шэраг кніжных выданняў: выйшаў Збор твораў Івана Навуменкі ў 10-ці твамах (2012-2017 гг.), "Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя". У 4 т. Т. 4, кн. 3 (2014), "Літаратура 1900-1930-х гадоў" з серыі "Залатая калекцыя беларускай літаратуры"; т. 6 (2014), калектыўная манаграфія "Мастацкі дыялог класікі і сучаснасці: праблемы пісьменніцкага майстэрства" (2017); кнігі Лаўшука С.С. "Праз церніі да брамы неўміручасці: Кандрат Крапіва і беларуская драматургія" (2016), Драздовай З.У. "Маляўнічая сіла слова. Беларуская і руская проза ХХ – ХХІ стст.: параўнальна-тыпалагічны кантэкст" (2017), Трафiмчыка А.В. "Крынiцы паэтычнага натхнення : перадумовы стварэння класічных твораў Якуба Коласа".(2017), 6 зборнікаў матэрыялаў навуковых канферэнцый, тры кніг ўспамінаў.

Паспяхова расшыраць фронт навукова-даследчых работ і выходзіць на новы заглыблены ўзровень асэнсавання складаных пытанняў тэорыі і гісторыі літаратуры магчыма толькі пры ўмове аптымальнай колькасці навукоўцаў і іх высокапрафесійнай якасці. Тыя супрацоўнікі, якія задзейнічаны на выкананне планавай тэматыкі, – людзі прафесійна падрыхтаваныя. Аднак кадравая праблема ў аддзеле існуе. На сённяшні дзень аддзел малалікі. А беларуская літаратура ХХ стагоддзя – гэта той надзвычай шырокі і выключна важны ў яе руху гістарычны плацдарм, дзе ўсё яшчэ існуе шэраг актуальных і запатрабаваных гістарычна-грамадскім часам праблемных пытанняў, і, ў прыватнасці, звязаных з вывучэннем класічных і сучасных асноў паэтыкі і эстэтыкі. Адсюль вынікае неабходнасць у межах рэальных магчымасцей укамплектаваць аддзел належным колькасным і прафесійным складам супрацоўнікаў.

Сёння аддзел беларускай літаратуры ХХ і ХХІ стагоддзя працуе над выкананнем тэмы "Беларуская літаратура ХХ і ХХІ стст.: рэцэпцыя глабальнага і прэзентацыя самабытнага".

Прадуктыўныя вынікі літаратуразнаўства бачацца сёння ў абнаўленні і ўзбагачэнні яго тэарэтыка-метадалагічных асноў і ў вельмі цеснай садружнасці з самымі рознымі гуманітарнымі дысцыплінамі. А гэта ў сваю чаргу патрабуе ад навукоўца высокай прафесійнай кампетэнцыі і грунтоўнай, глыбокай эрудыцыі.

Made on
Tilda