Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы


Адпаведна профілю сектара, галоўныя намаганні яго супрацоўнікаў былі накіраваны на даследаванне беларускай літаратурнай спадчыны, дакастрычніцкага перыяду творчасці пісьменнікаў, на падрыхтоўку да выдання збораў твораў беларускіх класікаў. Пэўным дасягненнем таго часу сталі "Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры" (1956) і Збор твораў Янкі Купалы ў 6 тамах (1951 – 1954). Але для грунтоўнай распрацоўкі даўняй пісьмовай спадчыны былі патрэбны высокакваліфікаваныя навукоўцы са спецыяльнай падрыхтоўкай. Аддзел старажытнарускай літаратуры Інстытута рускай літаратуры (Пушкінскі дом) аказаў створанаму сектару значную дапамогу, падрыхтаваўшы на сваёй базе аднаго з буйнейшых беларускіх медыявістаў – Аляксандра Коршунава, які з 1954 года пачаў працаваць у сектары. Сапраўднай падзеяй навуковага і культурнага жыцця рэспублікі стаў выхад у 1959 годзе першага навуковага збору твораў даўняй беларускай літаратуры – "Хрэстаматыі па старажытнай беларускай літаратуры", якую склаў А. Коршунаў. Упершыню грунтоўна і рознабакова было прадстаўлена шматвекавое багацце даўняй беларускай літаратуры.

На новы ўзровень развіцця ўзняўся сектар у 60-я гады. У 1963 годзе ён быў рэарганізаваны ў сектар дакастрычніцкай літаратуры і тэксталогіі, загадчыкам застаўся Ю. Пшыркоў, які ў 1962 годзе абараніў доктарскую дысертацыю. Калектыў сектара папоўніўся кандыдатамі філалагічных навук М. Грынчыкам і М. Ярошам. У яго таксама ўліліся маладыя навукоўцы М. Прашковіч і В. Чамярыцкі, якія спецыялізаваліся на даўняй беларускай літаратуры пад кіраўніцтвам вядомых ленінградскіх вучоных І. Яроміна і Я. Лур'е. У гэты час сталі даступнымі забароненыя раней працы па гісторыі, грамадскай думцы, літаратуры, мастацтву Беларусі, у якіх закраналіся складаныя і дыскусійныя праблемы, супрацоўнікі сектара атрымалі рэальную магчымасць працаваць з крыніцамі і больш аб'ектыўна даследаваць нацыянальную культурна-гістарычную спадчыну.

З фарміраваннем у сектары групы спецыялістаў-медыявістаў больш сістэматычным і грунтоўным стала вывучэнне даўняй беларускай літаратуры. А. Коршунаў апублікаваў працу пра жыццё і дзейнасць Афанасія Філіповіча (святога Афанасія Брэсцкага) (1965), М. Прашковіч даследаваў беларускі перыяд творчасці Сімяона Полацкага, В. Чамярыцкі раскрыў працэс узнікнення і асноўныя этапы гісторыі летапісання ў Беларусі. Праца "Беларускія летапісы як помнікі літаратуры" (1969) стала першай манаграфіяй пра гэтыя выдатныя помнікі беларускай і еўрапейскай гістарыяграфіі, напісанай беларускім навукоўцам па-беларуску.

Найбольш значным дасягненнем сектара ў 60-я гады з'яўляецца першая "Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры" ў 2-х тамах (1968, 1969). Яна была высока ацэнена ў Беларусі і за яе межамі. На багацейшым фактычным матэрыяле ўпершыню грунтоўна і аб'ектыўна быў прасочаны шматвяковы, вельмі складаны шлях развіцця літаратуры на беларускіх землях, неадлучны ад лёсу народа, раскрыта вялікае ідэйна-мастацкае багацце яе здабыткаў, высокі, сапраўды еўрапейскі ўзровень творчай спадчыны найбольш выдатных яе прадстаўнікоў. На грунце беларускамоўнай "Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры" ў 1977 годзе была створана аднатомная "История белорусской дооктябрьской литературы". Шмат у чым гэта была арыгінальная праца, якая месцамі пераўзыходзіла папярэднюю і адыграла важную навукова-асветніцкую ролю ў азнаямленні больш шырокага кола чытачоў з багатай гісторыяй літаратуры беларускага народа. Менавіта аднатомная "История…" стала падмуркам для стварэння базавых праграм вышэйшых навучальных устаноў, абумовіла прынятую перыядызацыю літаратурнага працэсу, паслужыла адной з крыніц для напісання вучэбных дапаможнікаў, якія і зараз выступаюць у якасці асноўных пры вывучэнні старажытнай беларускай літаратуры студэнтамі гуманітарных спецыяльнасцей.

У 70-я гады навукоўцы сектара пашыралі абсягі сваіх даследаванняў, распрацоўвалі новыя тэмы і праблемы, уздымалі слабавывучаныя пласты нацыянальнай пісьмовай спадчыны, адкрывалі яе невядомыя старонкі. Шэрагі яго супрацоўнікаў у 1971 годзе папоўнілі кандыдат гістарычных навук Г. Кісялёў, які пераехаў у Мінск з Вільнюса, у 1974 г. – малады спецыяліст па новалацінскай паэзіі В. Дарашкевіч, у 1978 – даследчык беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя У. Мархель. Больш грунтоўным вывучэннем гістарычна-дакументальнай і мемуарнай літаратуры заняўся А. Коршунаў, які падрыхтаваў навуковае выданне Баркулабаўскага летапісу і лістоў Ф. Кміты-Чарнабыльскага ("Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці", 1975). В. Чамярыцкі даследаваў мясцовае летапісанне Беларусі ХVІІ – ХVІІІ стагоддзяў, увёў у навуковы ўжытак Магілёўскую хроніку, ажыццявіў першую навуковую публікацыю яе тэксту ў арыгінале ў серыі "Поўны збор рускіх летапісаў", у суаўтарстве з Г. Галенчанкам і В. Шматавым напісаў нарыс пра Ф. Скарыну, які быў выдадзены ЮНЕСКА ў Парыжы па-французску і па-англійску. Маладаследаваны пласт нашай даўняй літаратуры эпохі Адраджэння ўзняў В. Дарашкевіч у манаграфіі "Новалацінская паэзія Беларусі і Літвы: Першая палова ХVІ ст." (1979). Вельмі плённа працаваў у 70-я гады Г. Кісялёў, які настойліва разблытваў загадкі беларускіх ананімных паэм ХІХ стагоддзя ("Загадка беларускай «Энеіды»", 1971; "Пошукі імя", 1978). Настольнымі кнігамі для многіх сталі старанна падрыхтаваныя ім грунтоўныя зборнікі дакументаў і матэрыялаў: "Пачынальнікі" (1977) па беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя, "Пуцявінамі Янкі Купалы" (1981) і "З жыццяпісу Якуба Коласа" (1982), прысвечаныя жыццю, дзейнасці і творчасці класікаў беларускай літаратуры. Займальныя падарожжы ў беларускую мінуўшчыну, распачаў А. Мальдзіс, які апублікаваў тады шмат цікавых прац, у тым ліку "Таямніцы старажытных сховішчаў", "Шляхі вялі праз Беларусь", "На скражаванні славянскіх традыцый" і шэраг іншых.

У 70-х гадах завяршыўся першы перыяд у гісторыі сектара беларускай дакастрычніцкай літаратуры, перыяд станаўлення, росту і развіцця, вельмі напружанай працы, першых значных навуковых здабыткаў, якія вызначылі аблічча не толькі сектара, але і ўсяго Інстытута і заклалі асновы сучаснага беларускага літаратуразнаўства.

З 1981 года сектар узначаліў Адам Мальдзіс, з 1987 г. – доктар філалагічных навук, вядомы даследчык беларускай літаратуры і культуры ХVІІІ – ХІХ стагоддзяў, беларуска-польскіх і беларуска-літоўскіх літаратурных сувязей, аўтар шматлікіх навуковых прац сапраўды наватарскага характару. Дзякуючы яго намаганням у Інстытуце літаратуры была створана генеральная картатэка па беларускай літаратуры (каля аднаго мільёна картак). На яе грунце ўпершыню быў падрыхтаваны і выдадзены фундаментальны шасцітомны бібліяграфічны слоўнік "Беларускія пісьменнікі" (1992 – 1995).

Выдатным дасягненнем сектара і ўсяго Інстытута ў 80-я гады з'яўляецца распрацоўка і ажыццяўленне рэспубліканскай комплекснай Скарынаўскай праграмы да 500-годдзя з часу нараджэння вялікага беларускага асветніка-гуманіста і першадрукара. Была падрыхтавана і выдадзена цэлая серыя грунтоўных манаграфій, вельмі каштоўных зборнікаў, паглыблена даследаваны жыццё, дзейнасць і творчая спадчына Ф. Скарыны, усебакова раскрыты культурна-гістарычныя вытокі, змест, нацыянальнае і еўрапейскае значэнне яго патрыятычна-асветніцкага подзвігу.

У 80-я гады сектар папоўніўся здольнымі навукоўцамі: А. Мельнікавым, І. Саверчанкам, А. Жлуткам, Я. Янушкевічам. З 1991 года загадчыкам сектара стаў В. Чамярыцкі. Ён зрабіў важкі ўклад у стварэнне першых акадэмічных гісторый беларускай літаратуры на беларускай і рускай мовах, напісанне сталага падручніка для ВНУ па гісторыі беларускай старажытнай літаратуры, у вывучэнне і папулярызацыю беларускай пісьмовай спадчыны мінулага: манаграфія пра беларускія летапісы і хронікі, удзел у падрыхтоўцы іх двухтомнага навуковага выдання (тамы 32 і 35) у серыі "Полное собрание русских летописей" і аднатомніка "Беларускія летапісы і хронікі" ў перакладзе на сучасную беларускую мову. Як скарыназнавец В. Чамярыцкі быў адным з кіраўнікоў і аўтараў Скарынаўскай праграмы, а таксама навуковым рэдактарам шэрагу кніг, прысвечаных Ф. Скарыну. Менавіта В. Чамярыцкаму належыць канцэпцыя новай акадэмічнай "Гісторыі беларускай літаратуры ХІ – ХІХ стст."

У 1992 годзе сектар быў ператвораны ў аддзел гісторыі старажытнай і новай беларускай літаратуры. Пад гэты час прыкметна ўзраслі важнасць і актуальнасць беларускай літаратурнай спадчыны, жыватворчае значэнне гэтага каштоўнага духоўнага скарбу для далейшага культурна-гістарычнага прагрэсу народа і станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Паспяховаму ў цэлым выкананню калектывам такіх надзённых задач шмат у чым паспрыяў прыход у аддзел у 90-я гады таленавітых і добра падрыхтаваных навукоўцаў: Л. Ляўшун, А. Богдан, А. Бразгунова, С. Гараніна, якія ў розны час абаранілі кандыдацкія дысертацыі. Для некаторых супрацоўнікаў тыя гады сталі сапраўды плённым часам.

Яркай зоркай на небасхіле беларускага літаратуразнаўства 90-х гадоў празіхацеў А. Мельнікаў. Пасля паспяховай абароны ў 1990 г. кандыдацкай дысертацыі ён напісаў кароткі нарыс гісторыі агіябіяграфічнага жанру ў Беларусі, апублікаваў серыю артыкулаў пра беларускую пісьмовую спадчыну і дзеячаў культуры даўняга перыяду, пераклаў на беларускую мову шэраг літаратурых помнікаў далёкага мінулага, у т. л. Псалтыр і Евангеллі, падрыхтаваў зборнік "Путь непечален" (1992), навукова-папулярную "Кнігу жыцій і хаджэнняў" (1994), нарыс "Преподобная Евфросиния Полоцкая" (апублікаваны ў 1997 г.), даследаванне жыцця, творчасці і светапогляду Кірыла Тураўскага (1997). У кнізе А. Мельнікава "З неапублікаванай спадчыны" (2005), што падрыхтавалі супрацоўнікі аддзела, змешчаны яго манаграфія, прысвечаная жыццю Еўфрасінні Полацкай і яе літаратурнаму жыцію – вядомаму агіябіяграфічнаму помніку, які існуе ў шматлікіх спісах і розных рэдакцыях, сціслы, але вельмі змястоўны курс лекцый па гісторыі беларускай літаратуры ХІ – ХVІІІ стст., іншыя цікавыя і каштоўныя матэрыялы.

Найбольш грунтоўнае даследаванне даўняй паэзіі Беларусі належыць І. Саверчанку ("Старажытная паэзія Беларусі: ХVІ – першая палова ХVІІ ст.", 1992), у якім рознабакова прааналізаваны ідэйна-тэматычны змест і раскрыты жанрава-стылістычныя асаблівасці беларускіх вершаў Адраджэння і Барока. Па выніках навуковых даследаванняў вучоны апублікаваў яшчэ дзве фундаментальныя манаграфіі: "Сымон Будны – гуманiст i рэфарматар" (1993) і "Кніжна-пісьмовая культура Беларусі: Адраджэнне і ранняе барока" (1998), а таксама шэраг навукова-папулярных брашур, удзельнічаў у выкананні абагульняючай тэмы "Гісторыя беларуска-рускіх літаратурных сувязей", напісанні новай акадэмічнай "Гісторыі…" беларускай літаратуры, працы двух міжнародных з'ездаў славістаў і інш.

Пасля заканчэння аспірантуры ў ІМЛІ (Масква) і паспяховай абароны кандыдацкай дысертацыі (1991) Л. Ляўшун прыступіла да паглыбленага гісторыка-тэарэтычнага вывучэння ўсходнеславянскай пісьмовай спадчыны даўняга перыяду, з'явілася аўтарам шэрагу арыгінальных даследаванняў, у якіх прапанаваны новы метадалагічны падыход да кніжнай культуры ўсходнеславянскага Сярэднявечча, распрацаваны асновы і выяўлены прынцыповыя заканамернасці тэарэтычнай паэтыкі айчыннай літаратуры таго часу ("История восточнославянского книжного слова XI–XVII вв.", 2001; "О слове преображенном и Слове преображающем…", 2009; "Введение в теоретическую поэтику восточнославянского книжного слова…", 2009). У кантэксце новай метадалогіі Л. Ляўшун даследавала творчую спадчыну Лявонція Карповіча ("Леонтий Карпович: жизнь и творчество", 2001).

Адзін з найбольш перспектыўных напрамкаў літаратурнай медыявістыкі – даследаванне перакладной літаратуры старажытнай Беларусі – распрацоўвае кандыдат філалагічных навук А. Бразгуноў. Манаграфія "Перакладная белетрыстыка Беларусі ХV – ХVІІ стагоддзяў" (2007) раскрывае эвалюцыю папулярных у Сярэднявеччы рыцарскіх раманаў і навел, гістарычных аповесцей і апавяданняў. Упершыню ажыццёўлена супастаўленне перакладных помнікаў беларускай літаратуры з іх еўрапейскімі крыніцамі, выяўлены заканамернасці культурнага ўзаемадзеяння паміж краінамі ўсходнеславянскага і заходнееўрапейскага культурных рэгіёнаў. Сусветна вядомыя рыцарскія раманы і гістарычныя аповесці выйшлі асобным выданнем у серыі "Беларускі кнігазбор" ("Беларускія Александрыя, Троя, Трышчан", 2009) з адпаведнымі каментарыямі і ў перакладзе на сучасную беларускую мову.

Даследаванне станаўлення дакументальных і аўтабіяграфічных жанраў беларускай літаратуры знаходзіцца ў полі зроку А. Богдан, В. Чамярыцкага і С. Гараніна. Апошнім даследчыкам у 1999 годзе апублікавана манаграфія "Шляхамі даўніх вандраванняў", прысвечаная даследаванню малавядомай старонкі даўняга пісьменства – беларускай паломніцкай літаратуры ХІІ – ХVІ стст. Праца працягвае традыцыі сумяшчэння ў даследаванні гісторыі літаратуры, тэксталагічнага аналізу і тэарэтычнага падагульнення матэрыялу.

Багацейшы плён сваёй працы сабралі і даследчыкі новай літаратуры. Г. Кісялёў, які ў 1990 годзе быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі за кнігі "Адшукваецца класік" і "Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча", завяршыў распрацоўку праблем крыніцазнаўства і атрыбуцыі беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя, новага напрамку ў беларускім літаратуразнаўстве. Яго фундаментальная праца на гэтую тэму "Ад Чачота да Багушэвіча" (1993) пацвердзіла высокі навуковы ўзровень назіранняў і вывадаў яе аўтара, заслужана прынесла яму ступень доктара філалагічных навук (1994). Г. Кісялёў падрыхтаваў і выдаў таксама найбольш поўны збор твораў і дакументаў К. Каліноўскага ў серыі "Беларускі кнігазбор" (1999), паспяхова ўдзельнічаў у напісанні новай "Гісторыі беларускай літаратуры". Вынікам шматгадовай працы гэтага даследчыка над разгадкамі аўтарства славутых паэм ХІХ ст., падагульненнем усяго зробленага навукоўцам па гэтай праблеме стала яго манаграфія "Жылі-былі класікі: Хто напісаў паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе»" (2005). Аб актуальнасці, навуковай і грамадскай запатрабаванасці лепшых прац, выкананых навукоўцамі аддзела, пераканаўча сведчыць перавыданне ў 2003 годзе выдавецтвам "Беларуская навука" дзвюх каштоўных кніг Г. Кісялёва: "Пачынальнікі: З гісторыка-літаратурных матэрыялаў ХІХ ст." і "Ад Чачота да Багушэвіча: Праблема крыніцазнаўства і атрыбуцыі беларускай літаратуры ХІХ ст.". У апошнія гады жыцця (памёр Г. Кісялёў у 2008 г.) даследчык пераключыўся на вывучэнне новай для сябе галіны медыявістыкі. Ён ажыццявіў грунтоўную распрацоўку семантыкі геральдычных знакаў у выданнях Ф. Скарыны (выдадзена ў 2009 г.).

Вядучым у рэспубліцы спецыялістам па літаратуры ХІХ ст. стаў У. Мархель (з 1999 г. – загадчык аддзела ўзаемасувязей літаратур), аўтар цэлага шэрагу цікавых і змястоўных даследаванняў, прысвечаных творчасці У. Сыракомлі ("Лірнік вясковы", 1983), А. Міцкевіча ("Ты як здароўе…", 1998), беларуска-польскаму літаратурнаму ўзаемадзеянню ("Крыніцы памяці", 1990, "Прадвесце", 1991, "Прысутнасць былога", 1997), а таксама шэрагу перакладаў з польскай мовы твораў беларускіх паэтаў ХІХ ст. Ён узбагаціў беларускае літаратуразнаўства не толькі новымі назіраннямі і высновамі, істотна паглыбіўшы канцэпцыю станаўлення новай беларускай літаратуры, але і рэалізаваў на практыцы новую сістэму паэтычнага перакладу.

Актыўныя пошукі новых крыніц і матэрыялаў па гісторыі беларускай літаратуры ХІХ – ХХ стст. нястомна працягваў кандыдат філалагічных навук Я. Янушкевіч ("У прададчуванні знаходак", 1994; "За архіўным парогам", 2002), даследчык жыцця і творчай спадчыны, укладальнік найбольш поўных збораў твораў В. Дуніна-Марцінкевіча (1984, 2008), Ф. Багушэвіча (1991), В. Ластоўскага (1997). Ён таксама актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы унікальных трохмоўных, на беларускай, польскай, рускай мовах, выданняў паэмы А. Міцкевіча "Пан Тадэвуш" (1998) і "Новай зямлі" Якуба Коласа (2002).

Надзённыя патрэбы далейшага вывучэння і папулярызацыі багатай пісьмовай спадчыны беларускага народа прымусілі супрацоўнікаў аддзела актывізаваць падрыхтоўку розных выданняў помнікаў даўняй і новай літаратуры. Сапраўднай падзеяй у культурным жыцці краіны стала выданне ў 2003 годзе "Анталогіі даўняй беларускай літаратуры", якая ўключае ў сябе найбольш значныя і цікавыя творы (цалкам або ва ўрыўках) даўняга перыяду, з'яўляецца самым поўным навуковым выданнем лепшага са шматмоўнай пісьмовай спадчыны Беларусі ад яе вытокаў да сярэдзіны XVIII ст., служыць сапраўдным дапаможнікам як для студэнтаў філалагічных факультэтаў, так і для тых, хто цікавіцца беларускай гісторыяй і культурай.

Грунтоўным падсумаваннем назапашанага папярэднікамі вопыту ў даследаванні нацыянальнай літаратурнай спадчыны, а таксама вынікам уласных навукова-творчых намаганняў супрацоўнікаў аддзела стала двухтомная "Гісторыя беларускай літаратуры ХІ – ХІХ стст.", над якою яны працавалі ў апошняе дзесяцігоддзе. Яна з'яўляецца сістэмным абагульненнем працы за увесь перыяд 70 – 90 гг., адзначыўшы завяршэнне другога этапа гісторыі беларускай літаратурнай медыявістыкі. Даследаванне грунтуецца на агромістым, па-новаму асэнсаваным з выкарыстаннем апошніх дасягненняў айчыннага і замежнага літаратуразнаўства фактычным матэрыяле. У выніку яго паглыбленага вывучэння выпрацавана і рэалізавана новая канцэпцыя гісторыі беларускай літаратуры ХІ – ХІХ стагоддзяў, зроблена новая сур'ёзная спроба больш шырока і аб'ектыўна раскрыць панараму яе складанага шматвякавога развіцця, своеасаблівасць гістарычнага шляху ад зараджэння пісьменства на беларускіх землях у перыяд ранняга Сярэднявечча да часу фарміравання нацыянальнай літаратуры ў ХІХ ст., што дазваляе арганічна ўпісаць яе ў агульнаеўрапейскі кантэкст. У працэсе працы прынцыпова ўдакладнена існуючая перыядызацыя, прасочана эвалюцыя найбольш значных літаратурных жанраў, вырашаны шэраг іншых важных гісторыка-тэарэтычных праблем. У айчынны літаратурны працэс упершыню абгрунтавана ўключаны творчая спадчына шмат якіх малавядомых і слабавывучаных пісьменнікаў мінулага, напісаныя на лацінскай і польскай мовах помнікі літаратуры. Новая "Гісторыя…", побач з іншымі выкананымі працамі, засведчыла творчыя магчымасці калектыву, сталасць яго навукова-даследчай думкі, высокі ўзровень развіцця літаратуразнаўства на сучасным этапе. Найбольшая колькасць раздзелаў у "Гісторыі беларускай літаратуры" належыць пяру В. Чамярыцкага, І. Саверчанкі, Г. Кісялёва, У. Мархеля і С. Гараніна.

Утварэнне дзяржаўнай навуковай установы "Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы" Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прывяло да структурных змен. У выніку рэарганізацыі аддзел у 2008 г. быў ператвораны ў сектар гісторыі беларускай літаратуры, якім з таго ж года загадваў кандыдат філалагічных навук С. Гаранін. У 2010 г. яго змяніла даследчык-медыявіст, кандыдат (цяпер – доктар) філалагічных навук Л. Ляўшун. З 2012 г. сектар узначальвае доктар філалагічных навук, прафесар І. Саверчанка. У тым жа годзе пабачыла свет яго манаграфія "Паэтыка і семіётыка публіцыстычнай літаратуры Беларусі XVI – XVII стст.", у якой былі раскрыты генезіс, паэтыка і семіётыка старабеларускага публіцыстычнага дыскурсу, выяўлены яго галоўныя мастацка-эстэтычныя формы, асветлены ключавыя тэмы і праблемы, што ўздымаліся на старонках публіцыстычных твораў XVI – XVII стст.

З'яўляючыся структурнай часткай аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры, сектар не страціў самастойнасці і навуковага патэнцыялу, захаваў традыцыйную накіраванасць даследаванняў на вывучэнне, выданне, тэарэтычную інтэрпрэтацыю літаратурнага працэсу і пісьмовых помнікаў даўняга часу.

Супрацоўнікамі сектара вялікая ўвага надаецца падрыхтоўцы да публікацыі твораў даўняй літаратуры Беларусі. Так, І. Саверчанкам былі ўкладзены і каментаваны "Старажытная беларуская літаратура (ХІІ – XVII стст.)" (2007), якая ўключае ў сябе беларускую літаратурную спадчыну ХІІ – XVII стст. у перакладзе на сучасную беларускую мову і ў адаптаваным выглядзе; "Беларуская літаратура X XV стст." (2010) і "Беларуская літаратура XVI ст." (2015), у якіх у перакладзе на сучасную беларускую мову і ў адаптаваным выглядзе друкуюцца найбольш значныя творы эпох Сярэднявечча і Адраджэння; "Памятники литературы Беларуси X – XVIII вв." (2013), дзе творы выбітных беларускіх майстроў слова падаюцца ў перакладзе на сучасную рускую мову.

Важным дасягненнем сектара з'яўляецца выданне шматтомнай серыі "Помнікі даўняга пісьменства Беларусі". На сённяшні дзень свет пабачылі 4 тамы з гэтай серыі. У выданні "Славянамоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага XVI – XVIII стст." (2011), падрыхтаваным А. Бразгуновым, у перакладзе на сучасную беларускую мову прадстаўлены шэдэўры айчыннай паэтычнай спадчыны, якія былі створаны па-старабеларуску і па-старапольску ў часы Вялікага Княства Літоўскага і сёння складаюць супольны культурны набытак беларускага, літоўскага, польскага і ўкраінскага народаў. У падрыхтаваным Л. Ляўшун выданні "Рэлігійнае пісьменства кірылічнай традыцыі XI – XV стст." (2013) змешчаны цяжкадаступныя помнікі, створаныя на старажытнарускай, старабеларускай, а таксама царкоўнаславянскай (мясцовай рэдакцыі) мовах, якія захоўваюцца ў рукапісах пераважна за межамі Беларусі. Выданне "Летапісы і хронікі Вялікага Княства Літоўскага (XV – XVII стст.)" (2015), падрыхтаванае В. Чамярыцкім, змяшчае навукова каментаваныя старабеларускія летапісы і хронікі, якія складаюць значны пласт гістарычнага пісьменства. У кнізе "Дыярыушы XVII стагоддзя (1594 – 1707)" (2016), падрыхтаванай А. Бразгуновым, прадстаўлены помнікі мемуарнага жанру (дыярыушы), створаныя прадстаўнікамі двух шляхецкіх родаў – Маскевічаў і Абуховічаў, поўныя тэксты якіх упершыню падаюцца ў перакладах на сучасную беларускую мову.

У супрацоўніцтве з выдавецтвам "Мастацкая літаратура" ў перакладзе на сучасную беларускую мову былі падрыхтаваны два першыя тамы з серыі "Залатая калекцыя беларускай літаратуры". Першы том "Літаратура XI – XVI стагоддзяў" (2012) (уклад. і камент. А. Бразгунова, І. Будзько, Л. Ляўшун) змяшчае невядомыя або малавядомыя шэдэўры айчыннай пісьмовай спадчыны: творы К. Тураўскага, самыя даўнія жыціі беларускіх святых, Летапіс вялікіх князёў літоўскіх, прадмовы Ф. Скарыны, С. Буднага, В. Цяпінскага, урыўкі з паэтычных твораў Я. Вісліцкага, М. Гусоўскага, Я. Радвана, А. Рымшы і іншых творцаў, а таксама белетрыстыку эпохі Адраджэння. У другім томе "Літаратура XVII – XVIII стагоддзяў" (2012) (уклад. А. Бразгунова, С. Гараніна) разам з класічнымі творамі, якія сталі візітоўкамі эпохі, публікуюцца і малавядомыя помнікі пісьменства, што мелі вялікую папулярнасць, але спакваля выйшлі са сферы актыўнага чытання і былі забытыя.

У 2015 г. пры дзяржаўнай навуковай установе "Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры" быў створаны філіял "Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы", у якасці структурнай адзінкі якога, пераймаючы слаўныя традыцыі папярэдніх пакаленняў даследчыкаў, сектар гісторыі беларускай літаратуры працягвае працу па вывучэнні літаратурнай спадчыны Беларусі даўняга часу: вырашаюцца актуальныя праблемы гісторыі беларускай літаратуры; вядзецца актыўная архіўная і крыніцазнаўчая праца, а таксама праца з рукапісамі твораў; рыхтуюцца навукова каментаваныя публікацыі твораў, іх пераклад на сучасную беларускую мову; праводзяцца міжнародныя і рэспубліканскія канферэнцыі, прысвечаныя праблемам вывучэння даўняй беларускай літаратуры.

На сённяшні дзень у сектары працуюць 1 доктар філалагічных навук, 3 кандыдаты філалагічных навук, 1 супрацоўнік без ступені, 2 стажоры. Пры сектары праходзіць падрыхтоўку 1 аспірант.

Гісторыя сектара гісторыі беларускай літаратуры з'яўляецца неад'емнай часткай гісторыі ўсяго беларускага літаратуразнаўства. Даследаванні сектара спрыяюць актуалізацыі ў сучаснай культуры тых духоўных каштоўнасцяў, якія выпрацаваны беларускім народам у ходзе шматвякавога гістарычнага развіцця, і дазваляюць стварыць новую метадалагічную базу для вывучэння помнікаў айчыннага даўняга пісьменства.

Сектарам гісторыі беларускай літаратуры вядзецца вялікая архіўная і тэксталагічная праца, вынікам якой стала заснаваная ў 2011 г. шматтомная серыя "Помнікі даўняга пісьменства Беларусі". На сённяшні дзень свет пабачылі 4 тамы:

"Славянамоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага XVI – XVIII стст." (2011) (падрыхтоўка: в.н.с., к.ф.н. А.У. Бразгуноў);

"Рэлігійнае пісьменства кірылічнай традыцыі XI – XV стст." (2013) (падрыхтоўка: д.ф.н. Л.В. Ляўшун);

"Летапісы і хронікі Вялікага Княства Літоўскага (XV – XVII стст.)" (2015) (падрыхтоўка: в.н.с., к.ф.н. В.А. Чамярыцкі);

"Дыярыушы XVII стагоддзя (1594 – 1707)" (2016) (падрыхтоўка: в.н.с., к.ф.н. А.У. Бразгуноў).

Серыя вылучаецца высокім навуковым узроўнем. Значная частка апублікаваных твораў была адшукана даследчыкамі самастойна і ўпершыню ўведзена ў навуковы ўжытак. Кнігі серыі "Помнікі даўняга пісьменства Беларусі", кожны том якой уключае грунтоўныя прадмовы і пашыраны навуковы каментарый, актуалізуюць шматвекавую літаратурную спадчыну беларускага народа, робяць яе больш даступнай як для навуковай, так для і шырокай грамадскасці нашай краіны.

Былі падрыхтаваны адрасаваныя шырокаму колу чытачоў два выданні перакладаў на сучасную беларускую мову выдатных твораў даўняга часу: "Беларуская літаратура X XV стст." (2010) і "Беларуская літаратура XVI ст." (2015) (падрыхтоўка: д.філ.н. І. Саверчанка). У прадмовах да гэтых выданняў і ў разгорнутых артыкулах-каментарыях раскрываецца паэтыка творчасці беларускіх майстроў слова эпох Сярэднявечча і Адраджэння, асвятляюцца іх ідэйна-мастацкія пошукі, паказваюцца эстэтычныя вартасці шэдэўраў даўняга беларускага пісьменства.

Сектар плённа супрацоўнічае з выдавецтвам "Мастацкая літаратура". Для серыі "Залатая калекцыя беларускай літаратуры" былі падрыхтаваны ў перакладзе на сучасную беларускую мову два першыя тамы, прысвечаныя даўняй беларускай літаратуры: "Літаратура XI – XVI стагоддзяў" (2012) (уклад. і камент. А. Бразгунова, І. Будзько, Л. Ляўшун); "Літаратура XVII – XVIII стагоддзяў" (2012) (уклад. А. Бразгунова, С. Гараніна). Акрамя гэтага, у 2018 г. пабачыў свет том, прысвечаны творчасці М. Зарэцкага і А. Мрыя, укладальнікам, аўтарам прадмовы і каментарыя якога з'яўляецца І. Саверчанка.

Здзейснены тэксталагічны і літаратуразнаўчы аналіз новага помніка беларуска-літоўскага летапісання – Вавельскага спіса; вызначана месца гэтага летапіса ў корпусе помнікаў беларуска-літоўскага летапісання; даказана, што помнік напісаны на старабеларускай мове і тэксталагічна амаль даслоўна супадае са спісам "Хроніка Быхаўца"; што Вавельскі спіс і "Хроніка Быхаўца" адлюстроўваюць адзін архетып. Расчытаны тэкст Вавельскага спісу ўведзены ў навуковы ўжытак (Міхальчук Г. Новы спіс агульнадзяржаўнага летапісання Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага і яго суадносіны з "Хронікай Быхаўца" // Białoruskie Zeszyty Historyczne = Беларускі гістарычны зборнік. – Białystok: Białoruskie Towarzystwo Historyczne, 2016. – № 45. – С. 190−225).

Разгледжаны асаблівасці тэксталогіі пражскіх выданняў Францыска Скарыны. Выяўлены асноўныя разыходжанні згаданых выданняў з іх лацінскімі і царкоўнаславянскімі крыніцамі. Працягваецца даследаванне станаўлення дакументальных і аўтабіяграфічных жанраў у беларускай літаратуры. Паспяхова вядзецца пошук раней невядомых сатырычных і гумарыстычных твораў XVII – XVIIІ стст.; выяўляюцца і расчытваюцца рукапісы раней невядомых спісаў "Прамовы Мялешкі", "Ліста да Абуховіча"; звяраюцца з рукапісамі ранейшыя публікацыі сатырычных і гумарыстычных твораў акрэсленага перыяду, выпраўляюцца недакладнасці ў ранейшых публікацыях. Асаблівая ўвага пры даследаванні даўніх сатыры і гумару надаецца асобе К. Жэры (1743 – пасля 1798) і створанаму ім гумарыстычнаму зборніку "Торба смеху…".

Даследаваны тэматычныя асаблівасці празаічных твораў X – XVIIІ стст., паказаны характар адлюстравання грамадска-палітычных падзей у творах беларускіх пісьменнікаў, якія часта выступалі ў якасці духоўных лідараў і галоўных ідэолагаў рэлігійных плыняў, выяўлены іх ўклад ў развіццё літаратуры, пашырэнне жанравых і тэматычных даляглядаў прыгожага пісьменства. Па-новаму вызначаны творчыя стратэгіі, выяўлены тыпы характараў і персанажаў, мадыфікацыі стварэння адметных мастацкіх сімвалаў і тропаў, механізмы распрацоўкі архетыповых вобразаў і тэкставай матрыцы, устаноўлены літаратурныя сродкі і прыёмы вобразатворчасці.

Не застаюцца па-за ўвагай даследчыкаў і беларускія пісьменнікі цікавага і супярэчлівага ХІХ ст., у прыватнасці, Уладзіслаў Сыракомля, творчасць якога наймоцна злучана з Беларуссю. Вывучэнне ліра-эпічных і драматычных твораў "вясковага лірніка" дазваляе раскрыць неасветленыя раней пытанні, звязаныя з асновай твораў і падачай пісьменнікам гістарычнага матэрыялу; вызначыць месца і ролю гісторыі роднага краю ў творах; раскрыць формы мастацкага асэнсавання падзей даўніны ў творчасці паэта.

У 2017 г. беларуская грамадскасць шырока святкавала 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. У сувязі з гэтай сапраўды гістарычнай падзеяй супрацоўнікамі сектара была арганізавана Міжнародная навуковая канферэнцыя "Францыск Скарына і яго час. 500-годдзе беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання", падчас працы якой асвятлялася шматбаковая дзейнасць Ф. Скарыны, яго ўклад у агульнаславянскую культурную спадчыну, эпоха, у якую жыў і ствараў беларускі асветнік і першадрукар, а таксама яго ўплыў на развіццё культуры. Па выніках канферэнцыі быў падрыхтаваны і апублікаваны зборнік матэрыялаў, у які ўвайшлі змястоўныя даклады даследчыкаў з Беларусі, Украіны, Расіі.

Адзначаныя вышэй вынікі працы сцісла ахопліваюць толькі самы галоўны, навукова-даследчыцкі абсяг дзейнасці супрацоўнікаў, бо на самай справе яна больш рознабаковая і шматстайная. Навукоўцы пішуць і публікуюць шматлікія артыкулы і рэцэнзіі, выступаюць з лекцыямі і дакладамі, удзельнічаюць у канферэнцыях, кангрэсах, з'ездах, семінарах, выконваюць розныя дадатковыя заданні і грамадскія нагрузкі, выкладаюць гісторыю літаратуры ў ВНУ Мінска.



Made on
Tilda