Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы
А аглядную рэцэнзію на гэтыя працы пад назваю «У сям'і славянскіх літаратур» змясціў у часопісе «Полы­мя» (1963, № 9) малодшы навуковы супрацоўнік сектара А.Мальдзіс, які ў тым жа годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў другой палове XIX ст.». Тады ж убачыў свет і бібліяграфічны даведнік «Сувязі беларускай літаратуры з літаратурамі зарубежных славянскіх народаў», падрыхтаваны малодшымі навуковымі супрацоўнікамі А.Мажэйкам і А.Самасейкам.

У сектары ўзаемасувязей літаратур выяўлялася, такім чынам, мэтанакіраваная арыентацыя на славістычную тэматыку. Яна засталася вызначальнай у даследаваннях супрацоўнікаў і надалей. Так, у 1964 годзе выйшла кніга «Тарас Шаўчэнка і беларуская літаратура», аўтары якой В.Барысенка, Ю.Пшыркоў, МЛынькоў, Э.Мартынава, А.Мальдзіс і інш. уводзілі ўкраінскага Кабзара і яго творчасць у гістарычны кантэкст актыўнага ўзаемадзеяння з беларускай літаратурай на этапе яе фарміравання і адраджэнскага ўздыму. Затым адно за адным з'явіліся індывідуальныя даследаванні А.Мальдзіса «Творчае пабрацімства» (1966) і Н.Перкіна «У сям'і братніх літаратур» (1967), а крыху пазней – манаграфічная праца В.Гапавай «Эліза Ажэшка: жыццё і творчасць» (1969) і зборнік навукова-папулярных нарысаў А.Мальдзіса «Падарожжа ў XIX стагоддзе» (1969), які з часам набыў каштоўнасць незаменнай даведачнай крыніцы па гісторыі культуры Беларусі гэтага перыяду.

Акрамя таго, пад рэдакцыяй Н.Перкіна былі выдадзены калектыўныя зборнікі «Садружнасць літаратур» (1968) і «Старонкі літаратурных сувязей» (1970), падрыхтаваныя намаганнямі супрацоўнікаў сектара (В.Гапавай, У.Казберуком, А.Мажэйкам, А.Мальдзісам, Э.Мартынавай, А.Самасейкам) без падключэння іншых навукоўцаў Інстытута.

У 1970 годзе сектар узаемасувязей літаратур як самастойная складовая структура Інстытута часова перастаў існаваць. Аднак праблемы кампаратывістыкі працягвалі цікавіць яго былых супрацоўнікаў. У 1972 годзе да VII Міжнароднага з'езду славістаў былі падрыхтаваны даклады У.Казберука «Традыцыі польскага рамантызму ў беларускай літаратуры пачатку XX ст.» і А.Мальдзіса «Традыцыі польскага асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX ст.». Пасля выйшлі кнігі Э.Мартынавай «Беларуска-ўкраінскі паэтычны ўзаемапераклад» (1973), У.Казберука «Ступені росту: беларуская літаратура канца XIX – пачатку XX стагоддзя і традыцыі польскіх пісьменнікаў» (1974), А.Мальдзіса «Таямніцы старажытных сховішчаў: гісторыя беларускай літаратуры XVII–XIX стст.» (1974), В.Гапавай «Зменлівае і спрадвечнае: вопыт тыпалагічнага даследавання беларускай і польскай вясковай прозы» (1975), а таксама вядомае даследаванне В.Каваленкі «Вытокі. Уплывы. Паскоранасць: развіццё беларускай літаратуры ХІХ–ХХ ст.» (1975), якое ўзнікла ў нетрах сек­тара беларускай савецкай літаратуры як аб'ектыўная неабходнасць у вывучэнні гісторыі беларускага прыгожага пісьменства і з прадбачаннем узрастаючай ролі ў працэсе пазнання параўнальнага літаратуразнаўства.

У 1976 годзе сектар узаемасувязей літаратур аднавіў сваю работу як паўнапраўнае падраздзяленне Інстытута літаратуры. Новую танальнасць навуковай працы сектара надаў яго загадчык А.Адамовіч. У 1978 годзе да VIII з'езда славістаў ён выдаў брашуру «Леў Талстой і беларуская літаратура (вайна і чалавек)», а В.Каваленка падрыхтаваў даклад «Некаторыя асаблівасці параўнальнага вывучэння славянскіх літаратур запозненага развіцця», які таксама выйшаў з друку асобнай брашурай. 1980 год прынёс калектыўны зборнік «Адзінства і ўзаемаўзбагачэнне: пытанні ўзаемасувязей савецкіх літаратур», аўтары якога Н.Перкін, М.Тычына і Э.Мартынава асвятлялі працэс інтэрнацыяналізацыі ў сучаснай беларускай літаратуры і канцэпцыю нацыянальнага характару ў сучаснай прозе, а таксама праблемы ўзаемадзеяння літаратур праз мастацкі пераклад.

У 1980 годзе выйшла з друку знакавая для беларускай кампаратывістыкі кніга А.Мальдзіса «На скрыжаванні славянскіх традыцый: літаратура Беларусі пераходнага перыяду (другая палавіна XVII – XVIII стст.)».

З набытку сектара ўзаемасувязяў літаратур у васьмідзесятыя гады вылучаецца даклад «Славянскія літаратуры і праблемы параўнальнага літаратуразнаўства» У.Казберука, выдадзены асобнай брашурай у 1982 годзе, і яго кніга «Рамантычны пошук: назіранні над беларускім рамантызмам пачатку XX ст.» (1983), а таксама працы: «Беларуская проза пра вайну і класічная трагедыя» (1986) В.Жыбуля, «Пара станаўлення: вопыт параўнальнага вывучэння беларускай і некаторых класічных зарубежных літаратур» (1986) і «Беларуская літаратура ў ГДР» (1988) У.Сакалоўскага, «Беларуская савецкая літаратура за мяжой» (1988) калектыву аўтараў (У.Сакалоўскі, Л.Казыра і інш). У гэты час выйшлі з друку кнігі А.Адамовіча «О современной военной прозе» (1981), «Война и деревня в современной литературе» (1982), «Ни­чего важнее: современные проблемы военной прозы» (1985), «Выбери — жизнь: литературная критика, публицистика» (1986), «Литература и проблемы века: (задача советской литературы в борьбе за мир, за жизнь на Земле)» (1986).

У канцы 1980 – пачатку 1990-х гадоў сектар узаемасувязей, які меў у сваім актыве змястоўную кнігу В.Гапавай «Беларуска-рускае паэтычнае ўзаемадзеянне» (1979), курыраваў выкананне агульнаінстытуцкай тэмы, прысвечанай беларуска-рускаму літаратурнаму ўзаемадзеянню. У гэты час былі напісаны змястоўныя кнігі Г.Тварановіч «Пакутаю здабыты мір: тыпалогія характару ў беларускай і славенскай прозе» (1991) і «Беларуская літаратура: паўднёваславянскі кантэкст (адзінства генэзісу, тыпаў літаратур і характар узаемасувязей)» (1996). У «Нарысах па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей», чатыры кнігі якіх выйшлі ў 1993 – 1995 гадах, з новых метадалагічных пазіцый асвятляўся працэс узаемадзеяння беларускай і рускай літаратур ад старажытнасці да дзевяностых гадоў XX стагоддзя. У прадмове да «Нарысаў...», якая засведчыла сталасць беларускай кампаратывістыкі, В.Каваленка слушна зазначыў, што «сучаснае літаратуразнаўства ўсё больш выразна пачынае адчуваць, што праблема літаратурных сувязей існуе не проста як вынік з кожным годам усё шырэйшых творчых кантактаў паміж асобнымі нацыянальнымі літаратурамі, а як праб­лема ўнутрана эстэтычная, глыбока сутнасная для мастацкай творчасці кожнага народа, якая не выводзіць за свае межы каштоўнасць самабытнасці».

З усведамленнем гэтага ў 2000 годзе была завершана праца над калектыўнай тэмай, прысвечанай беларуска-ўкраінскім літаратурным сувязям. Яе выканаўцы М.Ты­чына, Ж.Шаладонава, В.Локун, Л.Турбіна і Т.Андрэйчанка паспяхова справіліся з асэнсаваннем актуальных праблем сучаснай кампаратывістыкі, і вынікі іх даследавання былі аформлены ў зборнік артыкулаў пад назвай «Нарысы беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязей: культурна-гістарычны і літаратуразнаўчы аспект праблемы» (Мінск: Беларус. навука, 2002. – 363 с.). Праз год «Нарысы...» былі перакладзены на ўкраінскую мову і выдадзены ў Кіеве накладам 2000 паасобнікаў. У 2004 годзе аўтарскі калектыў супрацоўнікаў аддзела (кандыдаты філалагічных навук В.Локун, У.Мархель і Ж.Шаладонава) за выкананне супольнага з украінскім даследчыкам Г.Піўтараком праекта «Культурна-гістарычныя беларуска-ўкраінскія сувязі: літаратурна-моўны аспект» уганараваны прэміяй прэзідэнтаў трох акадэмій навук (Украіны, Беларусі і Малдовы).

У сектары, а пазней аддзеле ўзаемасувязей літаратур у розны час працавалі доктар філалагічных навук Г.Тварановіч, кандыдаты філалагічных навук Л.Цімашкова, В.Гапава, Э.Мартынава, В.Зайцаў, В.Жыбуль, С.Букчын, А.Данільчык, кандыдат біялагічных навук Л.Турбіна, навуковы супрацоўнік В.Дэконская, малодшыя навуковыя супрацоўнікі А.Мажэйка, А.Самасейка, Т.Андрэйчанка, Л.Казыра і інш. Загадчыкамі яго – пасля Н.Перкіна – былі доктар філалагічных навук (тады кандыдат) А.Мальдзіс, доктар філалагічных навук, член-карэспандэнт АН БССР А.Адамовіч, кандыдат філалагічных навук У.Сакалоўскі, доктар філалагічных навук, акадэмік В.Каваленка, доктар філалагічных навук М.Тычына, кандыдат філалагічных навук У.Мархель. З 25 лютага 2009 года аддзел узаемасувязей літаратур узначальвае кандыдат філалагічных навук, дацэнт М.Мікуліч. Цяпер у аддзеле працуюць кандыдаты філалагічных навук Ж.Шаладонава, А.Вальчук, С.Мінскевіч, Н.Якавенка, І.Бязлепкіна, малодшыя навуковыя супрацоўнікі Т.Барысюк і Н.Бахановіч, якія падрыхтавалі да абароны дысертацыйныя даследаванні.

Сёння навуковыя супрацоўнікі аддзела засяроджаны на выкананні калектыўнага праекта "Беларуска-еўрапейскія літаратурныя ўзаемасувязі і імагалогія: міфы, стэрэатыпы, рэальнасць" (2016–2020 гг.).
Made on
Tilda