У 2018 г. з'явілася перавыданне кнігі А. Шамякінай «Вобразы мілыя роднага краю», у якой разглядаюцца паняцці "прастора" і "час" у трылогіі Я. Коласа "На ростанях" і іх месца і роля ў коласаўскім выяўленні прыроды, нацыянальнай гісторыі, фарміраванні духоўнага свету народнага абаронцы, нацыянальнага барацьбіта за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, якім паўстае галоўны герой трылогіі Андрэй Лабановіч. Даследаванне адзінства тэмы прыроды з аўтарскай канцэпцыяй і нацыянальным характарам дазваляе ў многім па-новаму зразумець трылогію Я. Коласа "На ростанях".
З 2016 г. аддзел працуе над падрыхтоўкай да выдання першага навукова каментаванага Збору твораў Янкі Брыля ў 10 тамах. Так, у 2018 г. убачылі свет 1-ы і 2-і тамы Збору твораў класіка нацыянальнай літаратуры. У 1 том увайшлі апавяданні і замалёўкі 1937—1966 гг., каментарыі, найбольш значныя ў мастацкіх адносінах варыянты, а таксама прыжыццёвае літаратурнае завяшчанне пісьменніка. Другі том склалі апавяданні і замалёўкі 1967—1994 гг, тэксталагічны і рэальны каментарыі да твораў. У прадмове М.А. Тычыны да Збору твораў жыццё і творчасць пісьменніка асвятляюцца з улікам новых матэрыялаў сучаснага літаратуразнаўства.