Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы
У 2015 г. супрацоўнікі аддзела завяршылі працу над падрыхтоўкай да выдання першага навукова каментаванага Збору твораў народнага пісьменніка Івана Шамякіна ў 23 тамах, які выдадзены ў найбольш поўным на сённяшні дзень аб'ёме, а тэксты надрукаваны згодна з апошняй творчай воляй аўтара.

У параўнанні з папярэднім Зборам твораў у 8 тт. (2003—2007), агульная колькасць матэрыялаў якога складала 238,8 друкаваных аркушаў, дадзенае выданне папоўнена новымі творамі, якія альбо зусім не друкаваліся, альбо былі змешчаны толькі на старонках перыядычных выданняў ці зборнікаў (амаль усе творы апошніх гадоў, п'есы, дзённікі, успаміны пра сучаснікаў Шамякіна: пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў, рэжысёраў), а таксама яго эпісталярнай спадчынай, большая частка якой друкуецца ўпершыню. Корпус новага выдання налічвае 715,1 друкаваных аркушаў, прычым, з іх — 108 друк. арк. прыходзіцца толькі на каментарыі, больш за 70 — на прадмову і пасляслоўі, 14,3 — на "Летапіс жыцця і творчасці І. Шамякіна". У "Летапісе…" (упершыню складзены М. Мушынскім) даследуецца не толькі біяграфія творцы, асвятляюцца падзеі яго асабістага жыцця, адносіны з сябрамі, пісьменнікамі, перакладчыкамі, але і раскрываецца яго шматгранная грамадская дзейнасць.

Кожны том змяшчае дакладныя тэксты, грунтоўныя гісторыка-літаратурны, тэксталагічны і рэальны каментарыі, якія ўключаюць звесткі пра асноўныя крыніцы тэксту, усе вядомыя на момант падрыхтоўкі рукапісныя і друкаваныя крыніцы твораў, месца першай публікацыі і датаванне твораў, апісанне аўтографаў і аўтарызаваных машынапісаў, тлумачэнне гісторыка-літаратурных падзей, асобаў, цытат з твораў іншых пісьменнікаў і г. д.

У фундаментальнай прадмове да Збору твораў, напісанай акадэмікам У. Гніламедавым, пададзена агульная ацэнка творчасці І. Шамякіна, вызначана месца пісьменніка ў гісторыі беларускай літаратуры.

У пасляслоўях, напісаных вядучымі спецыялістамі па гісторыі беларускай літаратуры XX ст.: Т. Бельскай, А. Бельскім, Л. Дуктавай, Вяч. Караткевічам, М. Каратковым, Я. Клімуцем, А. Макарэвічам, М. Мушынскім, Т. Шамякінай, пададзена ацэнка творчасці І. Шамякіна, прааналізавана праблематыка яго твораў, жанравая разнастайнасць, што садзейнічае асэнсаванню ролі і месца І. Шамякіна ў айчынным слоўным мастацтве.
Made on
Tilda