Міжнародны круглы стол, прысвечаны 95-годдзю Інстытута беларускай культуры
Мерапрыемства было арганізавана Аддзяленнем гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (Інстытутам літаратуразнаўства імя Янкі Купалы і Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа).
У ім прынялі ўдзел як навукоўцы з Нацыянальнай акадэміі навук (перадусім літаратуразнаўцы, мовазнаўцы і гісторыкі), так і навукоўцы з універсітэтаў Беларусі (БДУ, МДЛУ, ВДУ імя П.М. Машэрава, БДПУ імя Максіма Танка, БрДУ імя А. С. Пушкіна), Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Беларускага фонда культуры, а таксама з Тэрнопальскага нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта ім. У. Гнацюка.
З прывітальнымі словамі выступілі член-карэспандэнт А.А. Каваленя, акадэмік А.І. Лакотка, прафесар І.В. Саверчанка і дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі А.І. Груша. 28 ўдзельнікамі было заяўлена 26 дакладаў. Практычна ўсе яны прагучалі на пасяджэннях. Матэрыялы датычыліся і гісторыі Інбелкульта, і дзейнасці яго супрацоўнікаў, і сучасных аспектаў функцыянавання НАН, якія сваімі каранямі ўзыходзяць у часы Інбелкульта.
Па выніках працы круглага стала плануецца выданне зборніка матэрыялаў. Яны могуць быць выкарыстаны як пры далейшых навуковых распрацоўках, так і ў навучальным працэсе, у першую чаргу на гуманітарных факультэтах універсітэтаў Рэспублікі Беларусь.